Папа звярнуў увагу на становішча бежанцаў |
Святы Айцец
|
28.02.2016 17:26 |
Папа Францішак у чарговы раз звярнуў увагу на складанае становішча бежанцаў і сітуацыю з іх прыёмам у Еўропе. 28 лютага падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» ў Ватыкане Пантыфік папрасіў не забывацца пра трагедыю гэтых людзей.
«Мая і ваша малітва заўсёды прысутнічае ў драме бежанцаў, якія ратуюцца ад войнаў і іншых бесчалавечных сітуацый», - сказаў Святы Айцец.
Папа адзначыў, што Грэцыя і іншыя краіны знаходзяцца «на лініі фронту», аказваючы «шчодрую дапамогу» бежанцам, але сітуацыя, якая склалася там, «патрабуе супрацоўніцтва ўсіх краін». Пантыфік лічыць, што эфектыўным тут будзе менавіта «супольны адказ», які дапаможа размеркаваць вагу праблемы раўнамерна. А для гэтага трэба «цвёрда і безумоўна» засяродзіцца на перамовах.
Папа Францішак прывітаў «з надзеяй» навіну аб спыненні ваенных дзеянняў у Сірыі і запрасіў вернікаў да малітвы, каб гэта стала магчымасцю палёгкі для пакутуючых людзей і адкрыла «шлях да дыялогу і вельмі жаданага міру».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|