Святы Айцец сустрэўся з кіраўніком Эфіопскай Праваслаўнай Царквы |
Святы Айцец |
29.02.2016 15:08 |
Святы Айцец указаў на важнасць сведчання мучанікаў, чыя кроў з’яўляецца пачаткам хрысціянскага адзінства, і спаслаўся на пакуты сённяшніх хрысціян на Блізкім Усходзе і ў некаторых частках Афрыкі. Папа Францішак заклікаў да мірнага суіснавання на аснове ўзаемнай павагі, прабачэння і салідарнасці. Пантыфік падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж Цэрквамі для агульнага дабра і абароны навакольнага асяроддзя. Папа выказаў надзею на тое, што сустрэча з Абуну Маціясам І паспрыяе развіццю братэрскага сяброўства паміж Цэрквамі. «Мы разумеем, што гісторыя пакінула цяжар балючых непаразуменняў і недаверу, у сувязі з якімі мы просім аб прабачэнні і Божым аздараўленні. Будзем маліцца адзін за аднаго, спасылаючыся на заступніцтва мучанікаў і святых для ўсіх вернікаў, давераных нашаму пастырскаму клопату», — сказаў Папа Францішак. Эфіопская Праваслаўная Царква налічвае каля 35 млн. вернікаў. Патрыярх Абуна Маціяс І быў абраны яе кіраўніком 28 лютага 2013 г. Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Эфіопскай Праваслаўнай Царквой сардэчныя і пастаянна ўмацоўваюцца. Папярэдні Патрыярх Абуна Павел сустракаўся са св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г. і з Бэнэдыктам XVI у 2009 г. Эфіопская Праваслаўная Царква прымае ўдзел у працы Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |