Папа: Вялікі пост — час дараваць і забыцца на крыўды |
Святы Айцец |
02.03.2016 12:42 |
«Калі Бог даруе, Яго прабачэнне настолькі вялікае, што Ён нібыта забываецца», — сказаў Пантыфік. Таму і Езус тлумачыць Пятру, што ён павінен дараваць заўсёды, адзначыў Святы Айцец. «Калі ты не можаш дараваць, як Бог можа дараваць табе? Ён хоча прабачыць, але не можа, калі ў цябе закрытае сэрца і там няма месца для міласэрнасці», — дадаў Папа і заклікаў вернікаў прасіць у Бога ласку, прабачыўшы, забывацца пра нанесеныя кімсьці крыўды. Святы Айцец нагадаў, што прабачэнне ўсім сэрцам, якое дае Бог, заўсёды з’яўляецца міласэрнасцю. «Няхай Вялікі пост падрыхтуе нашы сэрцы на прыняцце Божага прабачэння. Прыняцце і дараванне іншым: прабачэнне ад сэрца. Магчыма, гэты чалавек ніколі не павітаецца са мной, але ў маім сэрцы я прабачыў. Такім чынам мы становімся бліжэй да Бога, які з’яўляецца міласэрнасцю. Даруючы, мы адкрываем нашы сэрцы, каб у іх увайшла Божая міласэрнасць і прабачыла нам. Мы ўсе маем патрэбу ў просьбе аб прабачэнні. Мы даруем і самі атрымліваем прабачэнне. Давайце быць міласэрнымі ў адносінах да іншых, і тады адчуем гэтую Божую міласэрнасць, якая, калі даруе, заўсёды “забываецца”», — сказаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |