Папа Францішак упершыню прыме ў Ватыкане дэлегацыю вальдэнсаў |
Святы Айцец |
03.03.2016 11:42 |
«Гэта магчымасць, каб экуменічны дыялог, які дзякуючы Папу Францішку атрымаў новы імпульс, пашыраўся і рэалізаваўся», — напісаў пастар Эўджэніо Бэрнардзіні, мадэратар камітэту «Tavola Valdese», вышэйшага органа італьянскіх вальдэнсаў. 22 чэрвеня 2015 г. Папа Францішак наведаў невялікі храм вальдэнсаў падчас свайго візіту ў Турын і там папрасіў у іх прабачэння за прычыненую католікамі шкоду. «З боку Каталіцкага Касцёла я прашу ў вас аб прабачэнні за адносіны і паводзіны нехрысціянскія і нават негуманныя, якія ў гісторыі мы мелі адносна вас. У імя Пана Езуса Хрыста, прабачце нам!» — сказаў тады Пантыфік. Папа Францішак з’яўляецца першым Папам у гісторыі, які пераступіў парог вальдэнскага храма. Евангелічная Царква Вальдэнсаў з’яўляецца найстарэйшай у свеце рэфармацкай супольнасцю, бо паўстала яшчэ за 400 гадоў да Рэфармацыі, ініцыяванай Марцінам Лютэрам. Вальдэнсы пачалі сваю дзейнасць у ХІІ ст., пасля таго, як іх заснавальнік Пётр Вальда, багаты чалавек, раздаў усю сваю маёмасць. Яны заклікалі да беднасці, крытыкуючы вышэйшае каталіцкае духавенства за раскошу, адхілялі аўтарытэт Папы і патрабавалі рэформ у Касцёле. На іх была накладзена экскамуніка. Паслядоўнікаў Пятра Вальда пераследавалі і прысуджалі да інквізіцыі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |