Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Усходняга Цімора
Святы Айцец
04.03.2016 13:00

3 сакавіка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Дэмакратычнай Рэспублікі Усходні Цімор Руя Марыя дэ Араўжу. Пазней палітык сустрэўся таксама з Дзяржаўным Сакратаром Папы кардыналам П’етро Паралінам, якога суправаджаў намеснік сакратара па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі кс. Антуан Камельеры.

Падчас перамоў адзначаўся добры стан адносін паміж Святым Пасадам і Усходнім Ціморам, а таксама гістарычны ўклад Касцёла ў будаванне краіны і супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі ў розных сацыяльных сферах, такіх, як адукацыя, ахова здароўя і барацьба з беднасцю.

Напрыканцы сустрэчы з Дзяржсакратаром адбыўся абмен ратыфікацыйнымі граматамі Пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і Дэмакратычнай Рэспублікай Усходні Цімор, падпісанага ў Дылі 14 жніўня 2015 г.

Пагадненне складаецца з прэамбулы і 26 артыкулаў і прадугледжвае прызнанне юрыдычнага статусу Касцёла і яго структур, а таксама гарантуе Касцёлу свабоду выканання ўласнай місіі на карысць насельніцтва краіны.

Падчас цырымоніі кардынал П'етро Паралін падкрэсліў, што Пагадненне стала «плёнам шматгадовых перамоў, якія вяліся ў супольным духу дыялогу, супрацоўніцтва і пастаяннага пошуку найбольш адпаведных юрыдычных інструментаў, якія б дазволілі прызнанне з боку дзяржавы служэння, што здзяйсняе Каталіцкі Касцёл на карысць насельніцтва Усходняга Цімора».

Яно, паводле слоў кардынала, «тычыцца духоўнай сферы, а таксама адукацыі, салідарнасці, дапамогі самым слабым і іншай шырокай дзейнасці, якая станоўча ўплывае на інтэгральнае развіццё» народа.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы Францішка падкрэсліў, што Касцёл не шукае для сябе асаблівых прывілеяў, але жадае рабіць свабодны і плённы ўклад у будаўніцтва больш гарманічнага, натхнёнага справядлівасцю і мірам грамадства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.