Пантыфік заклікаў не губляць пачуцця грэшнасці |
Святы Айцец |
04.03.2016 15:21 |
Святы Айцец падкрэсліў, што «Бог заўсёды верны, бо не можа пярэчыць самому сабе», нават тады, калі сустракаецца з нявернасцю людзей. «Гэта нявернасць Божага народа — таксама і наша, наша ўласная нявернасць, робіць цвёрдымі сэрцы: закрывае сэрцы! Яна не дазваляе пачуць голас Пана, які, як любячы Айцец, просіць нас заўсёды быць адкрытымі на Яго міласэрнасць і любоў», — сказаў Папа Францішак. Гісторыя з зацвярдзелымі сэрцамі, па словах Пантыфіка, паўтараецца ў евангельскім апавяданні пра кніжнікаў і фарысеяў — настаўнікаў Закона, якія добра ведалі вучэнне, але былі празмерна закрытымі, патрабавалі знакаў з Неба, не прасілі ў Бога аб прабачэнні, бо адчувалі сябе не грэшнікамі, а суддзямі над іншымі. «Таму людзі былі настолькі ўражаны Езусам і пачыналі верыць у Яго. Яны адчувалі сябе недасканалымі, грэшнікамі, але мелі адкрытыя сэрцы», — падкрэсліў Папа. На думку Папы Францішка, працэс навяртання, адкрыцця сэрца на Божую міласэрнасць пачынаецца з прызнання ўласнай грэшнасці. «Калі ты скажаш: “я грэшнік” — сэрца адкрыецца, туды ўвойдзе міласэрнасць Бога, і пачнеш быць верным», — сказаў Святы Айцец. Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Бога быць верным Яму і адчуваць пачуццё грэшнасці, каб сэрцы не сталі цвёрдымі і сустрэлі ласку прабачэння. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |