Папа Францішак сустрэўся з лідарам швейцарскіх пратэстантаў |
Святы Айцец
|
05.03.2016 20:23 |
4 сакавіка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане старшыню Рады Пратэстанцкіх Цэркваў Швейцарыі пастара Готфрыда Лохера. Пасля сустрэчы пастар прызнаўся, што быў уражаны адкрытасцю Святога Айца.
Размова была вельмі глыбокай і сардэчнай, сказаў прадстаўнік швейцарскіх пратэстантаў у каментары для Ватыканскага радыё. Паводле слоў пастара, ён абмяркоўваў з Папам пытанні, звязаныя з экуменізмам і 500-годдзем Рэфармацыі, якое прыпадае на 2017 г.
«Мы хочам узгадаць пра тое, чаго Рэфармацыя намагалася дасягнуць, а не тое, што прынесла. Мы хочам надаць актуальнасць гэтаму ў наш час, бо мэтай Рэфармацыі было адкрыццё нашых позіркаў на Хрыста, які павінен быць крыніцай нашай веры. Сёння мы патрабуем таго ж», - сказаў пастар.
Як адзначыў прадстаўнік пратэстантаў Швейцарыі, іншым важным элементам юбілею Рэфармацыі павінна стаць еднасць Цела Хрыста. «Мы павінны яе дасягнуць. У Швейцарыі сёння два мільёны пратэстантаў і тры мільёны католікаў. Усе разам мы складаем пераважную большасць насельніцтва. Але патрэбна адзінства», - сказаў пастар і нагадаў пра важнасць бачных і публічных знакаў адзінства паміж вызнаўцамі Хрыста.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|