Пантыфік выказаў салідарнасць з украінскімі грэка-католікамі |
Святы Айцец
|
06.03.2016 18:07 |
Папа Францішак скіраваў пасланне да Вярхоўнага архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука з нагоды 70-й гадавіны львоўскага псеўдасабору. Па волі савецкага кіраўніцтва на ім было абвешчана аб ліквідацыі Брэсцкай уніі 1596 года і ўключэнні ўкраінскіх грэка-католікаў у Рускую Праваслаўную Царкву.
Папа нагадаў, што гэтыя сумныя падзеі адбываліся пад уплывам ідэалагічнага і палітычнага кантэксту, а таксама ідэі знішчэння Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Для пастыраў і вернікаў гэта павярнулася дзесяцігоддзямі пакут.
«Узгадваючы гэтыя падзеі, мы схіляем галаву перад тымі, хто коштам прыкрасцяў і нават мучаніцтва ўвесь гэты час сведчыў аб веры, якую перажываў з прысвячэннем у сваім Касцёле і непахіснай еднасці з Наступнікам святога Пятра», — напісаў Папа ў сваім звароце да кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Пантыфік запэўніў украінскіх грэка-католікаў у сваёй удзячнасці за вернасць і выказаў «салідарнасць з пастырамі і вернікамі ў тым, што яны робяць у гэты цяжкі час, адзначаны болем вайны, для змякчэння пакут людзей і пошуку шляху спакою для дарагой украінскай зямлі».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|