Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец удзельнічае ў велікапосных рэкалекцыях
Святы Айцец
08.03.2016 10:32

Папа Францішак прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях, якія праходзяць у мястэчку Арыча пад кіраўніцтвам італьянскага прапаведніка айца Эрмаса Марыі Ронкі. 7 сакавіка тэмай рэкалекцыйных разважанняў стала пытанне, якое Езус скіраваў да вучняў пасля суцішэння буры: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» (Mк 4, 40)

«Страх і вера — гэта дзве супрацьлегласці, якія заўсёды канфліктуюць у сэрцы чалавека. Слова Божае, аднак, пастаянна заклікае не баяцца», — адзначыў прапаведнік. Па словах святара, страх — гэта не адсутнасць адвагі, але «недахоп даверу».

Айцец Эрмас Марыя Ронкі нагадаў, што чалавечы страх перад Богам — гэта памылковае ўяўленне аб Ім, як адбывалася ў выпадку Адама і Евы, што верылі ў Бога, «які адбірае, а не дорыць», які пазбаўляе свабоды, а не дае магчымасці, для якога на першым месцы стаіць Закон, а не радасць сваіх дзяцей.

«Яны верылі ў Бога з асуджальным позіркам, ад якога трэба ўцякаць, а не бегчы Яму насустрач; верылі ў Бога, якому нельга было давяраць», — сказаў падчас рэкалекцый айцец Ронкі і падкрэсліў, што першым сярод грахоў з’яўляецца грэх супраць веры. «Ад памылковага ўяўлення пра Бога нараджаецца самы вялікі страх», — дадаў рэкалекцыяніст.

Прапаведнік заўважыў, што Бог не пазбаўляе людзей бураў, але заўсёды падтрымлівае падчас іх, знаходзячыся побач.

«Бог збаўляе нас не ад пакутаў, але ў пакутах бароніць не ад болю, але ў болі, збаўляе не ад крыжа, але ў крыжы. Бог прыносіць не вырашэнне нашых праблем, але самога сябе, і, дорачы нам сябе, дае нам усё», — сказаў святар.

Паводле слоў рэкалекцыяніста, існуе адзіны спосаб перамогі над страхам — вера. Місія Касцёла, такім чынам, заключаецца ў тым, каб праз веру пазбаўляць людзей страху.

«На працягу доўгага часу Касцёл перадаваў веру, угрунтаваную на страху, веру, якая нарадзілася з Адамам, не здолеўшым зразумець Божую міласэрнасць. Страх робіць хрысціянства сумным, а Бога прадстаўляе бязрадасным», — сказаў а. Эрмас.

Падчас першай духоўнай канферэнцыі, якую Папа Францішак і супрацоўнікі Рымскай курыі пачулі вечарам 6 сакавіка, прапаведнік заклікаў засяродзіцца на пытаннях, з якімі Езус звяртаецца да вернікаў са старонак Евангелля. Іх тут налічваецца больш за 220, як заўважыў а. Эрмас Ронкі.

Святар таксама нагадаў, што вера — гэта пошук Бога, які напаўняе шчасцем сэрца; пошук Бога, імя якога — радасць, свабода і паўната. «Менавіта такога Бога і павінен абвяшчаць сёння Касцёл», — перакананы рэкалекцыяніст.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.