Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Касцёл імкнецца вылечыць раны тых, чыё сужэнства распалася
Святы Айцец
12.03.2016 22:10

Важна, каб новыя нормы адносна «сужэнскага працэсу», якія паскараюць працэдуру прызнання несапраўднасці сужэнства, былі ўспрыняты і ўсвядомлены «асабліва супрацоўнікамі касцёльных трыбуналаў, каб аказваць сем’ям паслугу справядлівасці і міласэрнасці». З такімі словамі 12 сакавіка Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў фармацыйнага курсу, прысвечанага новаўвядзенням, звязаным з «сужэнскім працэсам» і працэдурай «super rato», які праводзіць Трыбунал Рымскай Роты.

Па словах Святога Айца, для многіх людзей, якія перажываюць нешчаслівае сужэнства, «прызнанне несапраўднасці гэтага сакрамэнту з’яўляецца важнай магчымасцю». Папа нагадаў аб прынятых у жніўні 2015 г. Апостальскіх лістах «Mitis Iudex Dominus Iesus» і «Mitis et misericors Iesus», якімі былі афіцыйна зацверджаны змены ў кананічным «сужэнскім працэсе», накіраваныя на паскарэнне і палягчэнне гэтай працэдуры. «Касцёл – гэта Маці, якая хоча паказаць усім аблічча Бога, вернага ў сваёй любові, міласэрнага і заўсёды здольнага ўзнавіць нашыя сілы і надзею», – падкрэсліў Папа Францішак.

Найбольшае хваляванне адносна разведзеных людзей, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, па словах Пантыфіка, выклікае іх удзел у жыцці касцёльнай супольнасці. Папа адзначыў, што Касцёл імкнецца вылечыць раны тых, чыё сужэнства распалася, і ў той жа час з асаблівым захапленнем глядзіць на тых, хто нават у самых складаных умовах застаецца верным словам сужэнскай прысягі. Менавіта «гэтыя сведкі сужэнскай вернасці натхняюць і даюць прыклад для наследавання», сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.