Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане прызначаны дапаможныя рэвізоры для фінансавых структур
Святы Айцец
16.03.2016 15:39

Папа Францішак прызначыў 16 сакавіка двух дапаможных рэвізораў для фінансавых структур Святога Пасаду і дзяржавы Ватыкан. Імі сталі Феручыо Панікка і Алесандро Касініс Рагіні.

Першы з’яўляецца спецыялістам па фінансавым наглядзе і аўдыце і ўваходзіць у склад рэвізійнай камісіі сусветнавядомай італьянскай «Indesit Company», выконваючы там абавязкі галоўнага аўдытара.

Другі дапаможны рэвізор з’яўляецца членам італьянскай калегіі адвакатаў і спецыялізуецца ў галіне дзяржаўных кантрактаў, канцэсіі на грамадскія работы, працэдуры фінансавання праектаў і працэдуры экспрапрыяцыі. Ён — аўтар шэрагу публікацый на тэму дзяржаўных закупак.

Прызначэнне стала чарговым структурным крокам на шляху рэформы ватыканскай фінансавай сістэмы.

Трэба нагадаць, што ў чэрвені 2015 г. Папа прызначыў генеральнага рэвізора для фінансавых структур Святога Пасаду і дзяржавы Ватыкан. Ім стаў Ліберо Мілонэ, які да таго займаў розныя пасады ў кантрольных органах буйных фірм.

Яшчэ 24 лютага 2014 г. Папа Францішак выдаў «motu proprio» пад назвай «Fidelis et Dispensator Prudens», якім абвясціў аб заснаванні, у прыватнасці, сакратарыяту па эканамічных пытаннях, пакліканага кансалідаваць існуючыя ватыканскія фінансавыя органы і спрасціць кіраванне імі.

Гэтым жа дакументам была ўведзена і новая функцыя генеральнага рэвізора, упаўнаважанага праводзіць праверкі любога органу Святога Пасаду і Ватыкана ў любы час. Яго прызначае асабіста Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.