Вядомы падрабязнасці функцыянавання «Instagram» Папы Францішка |
Святы Айцец
|
18.03.2016 21:56 |
Прэс-служба Святога Пасаду пацвердзіла, што Папа Францішак далучыцца да «Instagram» 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа. Першы пост Пантыфіка, як чакаецца, з’явіцца каля 12.00 па рымскім часе.
Акаўнт на сервісе для абмену фотаздымкамі будзе называцца @Franciscus (з лацінскай мовы – Францішак). Гэта новая ініцыятыва Святога Айца ў сацыяльных сетках. Папа ўжо прысутнічае на платформе «Twitter», дзе на яго акаўнт падпісаны больш за 25 мільёнаў карыстальнікаў.
«Instagram» паспрыяе знаёмству з пантыфікатам з дапамогай вобразаў, якія адлюстроўваюць жэсты пяшчоты і міласэрнасці Святога Айца, і праз гэта людзі змогуць пазнаёміцца з самім Папам Францішкам, лічыць кс. Дарыё Вігано, прэфект Сакратарыяту па камунікацыі.
Святар падзяліўся тэхнічнымі падрабязнасцямі працы профілю: фотаздымкі будуць выбірацца з фотасервісу ватыканскай газеты «L’Osservatore Romano». За «Instagram» Папы будзе адказваць Аддзел па сацыяльных медыя Сакратарыята па камунікацыі. Плануецца размяшчэнне не толькі фатаграфій, але і кароткіх відэаролікаў.
Ксёндз Дарыё Вігано заўважыў, што профіль пачынае дзейнічаць у Год Міласэрнасці, і гэта не выпадкова: так Юбілей будзе адлюстроўвацца ў сацыяльных медыя «вельмі канкрэтным і натуральным чынам».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|