Падобна таму, як Езус увайшоў у Ерузалем, Ён жадае ўвайсці ў нашы гарады і наша жыццё; Ён прыходзіць да нас у пакоры і праз моц сваёй любові даруе нашы грахі і прымірае з Айцом і з самімі сабой, сказаў Папа Францішак на Эўхарыстыі ў Пальмовую нядзелю.
У Імшы прымала ўдзел моладзь Рыма і іншых дыяцэзій. Сустрэча з Пантыфікам стала «ўверцюрай» Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 26-31 ліпеня ў Кракаве.
Папа адзначыў, што вернікі, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, атаясаміліся з энтузіязмам натоўпу, які вітаў Езуса ў Ерузалеме дзве тысячы гадоў таму. Святы Айцец падкрэсліў, што нішто не перашкаджае знайсці ў Ім крыніцу сапраўднай радасці, якая не заканчваецца і дае спакой, таму што толькі Езус здольны выратаваць ад рабства граху, смерці, страху і смутку.
Па словах Папы, літургія гэтага дня вучыць таму, што Хрыстус збавіў чалавека не праз свой трыумф і вялікія цуды, але праз прыніжэнне. Пантыфік узгадаў жэст абмыцця ног вучням. Вяршыняй прыніжэння, дадаў Папа, стала Яго мука. Прычым, адзінота, паклёп і боль – гэта яшчэ не кульмінацыя Яго прыніжэння: каб быць цалкам салідарным з намі, Ён перажыў на крыжы «таямнічую пакінутасць Айцом», заўважыў Пантыфік. Тым не менш, як сказаў Святы Айцец, на вяршыні прыніжэння Езус паказвае сапраўднае аблічча Бога – Яго міласэрнасць; даруе сваім катам, адчыняе дзверы раю «добраму злачынцу» і кранае сэрца сотніка.
Пантыфік адзначыў, што для нас, закаханых у сябе, дзеянне Бога, які знішчыў сябе, можа здацца вельмі чужым, але мы пакліканы выбраць шлях Езуса – шлях служэння, забыцца пра сябе. Папа заклікаў вернікаў выбраць гэты шлях у дні Вялікага тыдня: адмовіцца ад эгаізму, імкнення да ўлады і славы і вучыцца пакорлівай любові, якая ратуе і дае жыццё.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|