Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сталі вядомыя разважанні Крыжовага шляху, які пройдзе ў Вялікую пятніцу ў Калізеі з удзелам Пантыфіка
Святы Айцец
22.03.2016 16:09

«Бог і міласэрнасць» — такую назву даў кардынал Гуалцьера Басэці сваім медытацыям да Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі, які пройдзе ў Вялікую пятніцу 25 сакавіка з удзелам Папы Францішка.

Як прызнаўся сам арцыбіскуп Перуджы, такі Крыжовы шлях — спроба нагадаць, што перад абліччам чалавечага страху, болю, пераследу і насілля міласэрнасць з’яўляецца каналам ласкі ад Бога.

У чатырнаццаці прыпынках гучаць разважанні пра хрысціян, пераследаваных за веру, яўрэяў, закатаваных у канцлагерах, і сем’і, якія распаліся.

Разважаючы пра пачатак шляху Езуса на Галготу, кардынал узгадаў драму сучасных бежанцаў і параўнаў людзей, якія зачыняюць перад імі дзверы, баючыся страціць сваю ўласную бяспеку, з Пілатам, які ўмывае рукі перад Божай ісцінай.

«Хто баіцца іншага чалаека, іншаземца, мігранта, той не бачыць аблічча Хрыста», — заключае іерарх.

Разважаючы пра першае падзенне Езуса пад цяжарам крыжа, аўтар прапануе ўзгадаць пра пакуты яўрэяў, якія загінулі ў лагерах смерці, і хрысціян, забітых з нянавісці да веры, пра ахвяр любога роду пераследу. 

У сустрэчы Езуса з Маці кардынал Басэці бачыць вобраз сям’і, «неад’емнай часткі супольнага жыцця» і «незаменнай асновы чалавечых адносін».

«Другое падзенне Хрыста вучыць таму, што грэх вяртаецца, і мы не можам збавіцца самастойна; а трэцяе падзенне Хрыста нагадвае пра пакуты сем’яў, якія распаліся, пра тых, хто застаўся без працы, пра моладзь, якая вымушана жыць у нестабільнасці», — зазначае іерарх у сваіх разважаннях.

«Езус, пазбаўлены адзення, нагадвае пра дзяцей, прафанаваных у іх інтымнасці, пра тых, хто быў прыніжаны, чыю годнасць зняславілі. Менавіта на крыжы Езуса ўсемагутнасць павалена, мудрасць апускаецца да вар’яцтва, любоў прыносіцца ў ахвяру. І ўсё гэта — дзеля збаўлення чалавека», — гаворыцца ў разважаннях.

Кардынал Басэці нагадаў, што магілу Хрыста ўладныя гэтага свету зачынялі з самахвальствам, пышнасцю і паказальна, як часта гэта робіцца і сёння, але гэта не тая смерць, якая пакладзе канец усяму, бо менавіта ў цемры і маўчанні ерузалемскай грабніцы Бог «дзейнічае, нараджаючы новую ласку ў чалавеку», якога любіць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.