У Вялікі чацвер Святы Айцец абмые ногі бежанцам |
Святы Айцец |
23.03.2016 10:14 |
Літургія пройдзе ў цэнтры для мігрантаў, якія чакаюць атрымання прытулку ў Італіі, паведамілі ў Ватыкане. Гэты цэнтр знаходзіцца ў Кастэльнуова-дзі-Порта, прадмесці Рыма. Гэта «будзе просты і выразны жэст», знак «служэння і ўвагі да сітуацыі гэтых асобаў», падкрэсліў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела. Іерарх дадаў, што літургія ў цэнтры для бежанцаў упісваецца ў кантэкст Юбілею Міласэрнасці, які зараз праходзіць у Касцёле. «Папа хоча сказаць нам аб патрэбе належнай увагі да самых слабых у гэты гістарычны час, аб тым, што мы пакліканы вярнуць ім годнасць, не адмаўляючыся ад гэтага задання», — адзначыў арцыбіскуп. «Пантыфік, — дадаў старшыня Папскай рады, — заахвочвае глядзець на Пасху вачыма тых, хто перажывае сваю веру ў служэнні асобам, якія носяць на сваім абліччы сляды пакут і насілля». Арцыбіскуп Рына Фізікела заўважыў, што некаторыя з тых, каму абмые ногі Пантыфік, не з’яўляюцца католікамі. |