Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак да святароў: уцелаўляйце Божую Міласэрнасць
Святы Айцец
25.03.2016 10:42

24 сакавіка ў ватыканскай базыліцы Папа Францішак узначаліў святую Імшу Хрызму, падчас якой прамовіў доўгую гамілію. Пантыфік заклікаў святароў адкрыцца на Божую міласэрнасць і несці яе свету.

Папа Францішак заўважыў, што Евангелле міласэрнасці часта не прымаецца людзьмі. Святы Айцец нагадаў, як Езуса хацелі скінуць з вяршыні высокай гары пасля словаў пра тое, што Святое Пісанне споўнілася ў Ім.

Там, дзе Пан абвяшчае Евангелле міласэрнасці да бедных, самых далёкіх і прыгнечаных, мы пакліканы зрабіць выбар і весці барацьбу за веру. Барацьба Езуса, аднак, была «не супраць людзей, а супраць д'ябла, ворага чалавецтва», падкрэсліў Пантыфік.

«Езус не вёў барацьбы за ўмацаванне прасторы ўлады. Калі ламаў бар'еры і ставіў пад пытанне гарантыі бяспекі, то рабіў гэта для таго, каб адкрыць шчыліну для патоку міласэрнасці, якую з Айцом і Духам прагнуў выліць на зямлю», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў святароў глыбока паразважаць над уласным жыццём, каб узгадаць аб досведзе асабістай сустрэчы з Божай міласэрнасцю.

«Як святары, мы сведкі і слугі заўсёды большай міласэрнасці нашага Айца, мы маем салодкае і бадзёрае заданне ўцелаўляць яе, як рабіў Езус, які "праходзіў, благаслаўляючы і аздараўляючы", тысяччу спосабамі, каб яна дасягнула ўсіх», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што падчас сустрэчы з Панам можна адчуць Божую міласэрнасць, якая ўсё аднаўляе і вяртае людзям іх першапачатковую годнасць. Таму самым правільным адказам на яе, паводле слоў Папы, з'яўляецца радасная падзяка — святкаванне.

«Толькі маючы гэты момант "святкавання", можна пачаць добра думаць, прасіць прабачэння і ясна бачыць, як можна выправіць здзейсненае зло», — перакананы Пантыфік.

«Будзе карысна спытаць сябе пасля споведзі: святкую або хутка пераходжу да іншай справы, як схадзіўшы да ўрача і ўбачыўшы, што аналізы не вельмі кепскія, кладу іх у канверт і пераходжу да іншых заняткаў. І калі ахвяруем міласціну, аддаем час таму, хто яе прымае, каб выразіў сваю падзяку, святкуем яго ўсмешку і тыя благаслаўленні, якія нам даюць бедныя, або бяжым далей па сваіх справах пасля таго, як "дазволілі ўпасці манеце"?» — спытаў Пантыфік.


Іншая сфера, у якой бачна праяўленне Божай міласэрнасці, — гэта, па словах Папы, прабачэнне: Бог не толькі прабачае незлічоныя правіны, але і дазваляе непасрэдна перайсці ад самага сарамлівага сораму да самай высокай годнасці без прамежкавых крокаў.

Пантыфік адзначыў важнасць прабывання ў здаровай напружанасці паміж годным сорамам і годнасцю, здольнай сароміцца.

Папа Францішак заклікаў святароў суадносіць сябе з пагарджаным народам, якога збаўляе Пан, і памятаць пра існаванне незлічонага мноства бедных, неадукаваных, зняволеных людзей, якія знаходзяцца ў такіх сітуацыях, бо іншыя іх туды заганяюць.

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа Францішак нагадаў святарам, што Езус прыходзіць, каб «адкупіць нас, вывесці, перамяніць з убогіх і сляпых, з вязняў і прыгнечаных у слуг міласэрнасці і суцяшэння».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.