Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з пляменніцай бл. Оскара Рамэра
Святы Айцец
25.03.2016 10:04

54-гадовая Цэцылія Рамэра прыбыла ў Ватыкан у суправаджэнні свайго мужа, а таксама пасла Сальвадора ў Італіі Сандры Элізабеты Алас Гвідас.

Яе сустрэча з Пантыфікам адбылася 23 сакавіка, напрыканцы агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Сваячка сальвадорскага мучаніка прыбыла ў Рым з нагоды чарговай гадавіны яго трагічнай смерці, якая адзначаецца 24 сакавіка ў розных краінах свету.

«Я ніколі не забуду атмасферы тэрору, а таксама болю ўсіх сальвадорцаў пасля забойства чалавека, які быў кропкай апоры для ўсіх», — сказала яна ў інтэрв’ю ватыканскаму выданню “L’Osservatore Romano”. Цэцылія Рамэра падкрэсліла, што навучылася ад свайго дзядзькі заўсёды ставіцца з пашанай да іншых, змагацца за правы кожнага чалавека і клапаціцца пра бедных.

Арцыбіскуп Рамэра быў забіты невядомай асобай 24 сакавіка 1980 г. падчас цэлебрацыі святой Імшы. Яго актыўная дзейнасць на карысць бедных выклікала нянавісць у рэакцыйных колаў у краіне. Оскар Рамэра быў беатыфікаваны ў 2015 г.


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 23 сакавіка Святы Айцец сустрэўся таксама са сваякамі маладых жанчын, якія займаліся грамадскай дзейнасцю і загінулі ў часы ваеннай дыктатуры ў Аргенціне. Нагодай для сустрэчы стала 40-годдзе дзяржаўнага перавароту, у выніку якога ў гэтай лацінаамерыканскай краіне быў устаноўлены дыктатарскі рэжым. Ён працягваўся з 1976 г. па 1983 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.