Позна ўвечары 26 сакавіка Папа Францішак узначаліў у ватыканскай базыліцы літургію Пасхальнай вігіліі. «Няхай Пан вызваліць нас з пасткі быць хрысціянамі без надзеі, жыць так, як калі б Ён не ўваскрос і нашы праблемы з’яўляліся цэнтрам жыцця», — заклікаў Папа ў гаміліі.
Святы Айцец нагадаў, што і Пётр, і жанчыны, якія ішлі раніцай да грабніцы, каб памазаць цела Езуса, адчувалі сумнеў, сорам і жах. Аднак яны не сядзелі на месцы, але ўсталі і пайшлі, даючы шанс надзеі.
«Давайце не будзем зачыняцца ў сабе, але адкрыем перад Панам нашы запячатаныя магілы, каб Езус увайшоў і даў нам жыццё. (...) І першы камень, які трэба адсунуць у гэтую ноч, — гэта адсутнасць надзеі, што зачыняе нас у саміх сабе», — сказаў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў не дапусціць, каб цемра і страх завалодалі душой і сэрцам.
«Хрыстус — наша самая вялікая радасць; Ён заўсёды побач з намі і ніколі не пакіне нас», — нагадаў Папа. У той жа час Пантыфік адзначыў, што хрысціянская надзея — гэта не проста аптымізм або эмацыйны стан: гэта дар ад Бога, «калі мы выходзім з нашых абмежаванняў і адкрываем сябе для Яго».
Святы Айцец падкрэсліў, што сённяшні свет мае патрэбу ў святле Уваскрослага Хрыста і хрысціяне пакліканы быць у ім слугамі надзеі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|