Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Тэракт у Пакістане — подлае злачынства
Святы Айцец
28.03.2016 14:59

Подлым і бессэнсоўным злачынствам назваў Папа Францішак тэракт у пакістанскім горадзе Лахор, які здарыўся 27 сакавіка і азмрочыў святкаванне Вялікадня мясцовай каталіцкай супольнасцю.

«Учора ў цэнтральным Пакістане Святая Пасха была акрываўлена з прычыны агіднага тэрарыстычнага акту, у выніку якога загінула мноства нявінных людзей, у большасці з сем’яў, якія належаць да хрысціянскай меншасці — асабліва жанчын і дзяцей, — сабраных у публічным парку, каб радасна адзначыць велікодныя ўрачыстасці», — нагадаў Папа пасля малітвы «Regina Caeli» 28 сакавіка, у велікодны панядзелак, у Ватыкане.

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць усім, хто пацярпеў у выніку гэтага злачынства, і заклікаў вернікаў маліцца за ахвяр трагедыі і іх блізкіх.

«Звяртаюся да грамадзянскіх уладаў і ўсіх сацыяльных кампанентаў гэтай краіны, каб прыкладалі ўсе намаганні на карысць аднаўлення бяспекі і спакою насельніцтва і асабліва найбольш уразлівых рэлігійных меншасцяў. Паўтараю яшчэ раз, што насілле і забойчая нянавісць вядуць толькі да болю і разбурэнняў. Павага і братэрства — гэта адзіны шлях для дасягнення спакою», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Напрыканцы свайго звароту Пантыфік заклікаў маліцца, каб злачынцы перасталі сеяць тэрор і смерць, а ў свеце запанавалі любоў, справядлівасць і прымірэнне.

Падчас выбуху ў дзіцячым парку ў Лахоры загінула больш за 70 чалавек, з якіх не менш за 30 — дзеці; больш за 250 былі паранены, паведамляе агенцтва Dawn. Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Джамаат-уль-Ахрара», якая паведаміла, што яе мэтай былі менавіта хрысціяне.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.