Папа Францішак здзейсніў перадвелікодны візіт да Бэнэдыкта XVI |
Святы Айцец |
31.03.2016 12:19 |
Сустрэча, якая працягвалася каля гадзіны, адбылася ў мінулую сераду, але аб ёй стала вядома толькі цяпер. Паміж дзеючым Папам Францішкам і Папам на пенсіі Бэнэдыктам XVI склаліся цёплыя адносіны, аб чым першы заяўляў неаднойчы. Іх сустрэчы звычайна адбываюцца на Божае Нараджэнне і Вялікдзень, а таксама ў сувязі з папскімі замежнымі падарожжамі. Жыццё Бэнэдыкта XVI, які сышоў у адстаўку 28 лютага 2013 г., сканцэнтравана вакол малітвы і медытацыі. Толькі некалькі разоў за гэты час 89-гадовы Папа на пенсіі прыняў запрашэнне свайго пераемніка паўдзельнічаць у вялікіх касцёльных урачыстасцях: у цырымоніях устанаўлення новых кардыналаў і кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II. Апошні раз Бэнэдыкт XVI публічна з’явіўся на адкрыцці Юбілею Міласэрнасці 8 снежня 2015 г. У дадатак да малітвы і медытацыі Папа на пенсіі вядзе актыўную перапіску. Нягледзячы на тое, што ў яго ёсць праблемы з хадой, кожны дзень ён робіць кароткі шпацыр па Ватыканскіх садах да Люрдскага грота, дзе моліцца на ружанцы. Бэнэдыкт XVI часам прымае ў сябе наведвальнікаў. |