Ватыканскі кардынал пра экуменічную дыпламатыю Папы |
Святы Айцец |
31.03.2016 12:43 |
У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «SIR» кардынал заўважыў, што жаданне святкаваць Пасху ў адзін дзень выказалі, акрамя Папы Францішка, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І і копцкі Патрыярх Александрыйскі Тавадрас ІІ. Праблему, аднак, ускладняе існаванне ў хрысціян двух календароў: грыгарыянскага і юліянскага. Каб святкаваць Пасху ў адзін дзень, хтосьці павінен саступіць. «З іншага боку, мы не павінны забывацца пра яўрэйскія карані даты Пасхі і гэта іншы выклік», — заўважыў іерарх і выказаў надзею на тое, што пры жаданні ўсіх бакоў вырашэнне гэтай праблемы будзе знойдзена. Гаворачы пра сітуацыю пераследу хрысціян у свеце, кардынал Кох нагадаў, што 80% усіх выпадкаў дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце тычыцца менавіта вызнаўцаў Хрыста розных канфесій. «Хрысціяне падвяргаюцца пераследу не таму, што з’яўляюцца лютэранамі, праваслаўнымі, пяцідзясятнікамі або католікамі, але таму, што з’яўляюцца хрысціянамі», — падкрэсліў старшыня Папскай рады. Падобны «экуменізм крыві», на думку ватыканскага кардынала, вялікі дар для Касцёла, хоць з’яўляецца трагедыяй і болем. Іерарх распавёў, як аднойчы Папа Францішак сказаў яму: «Вам не падаецца, што тыя, хто пераследуе хрысціян, маюць лепшае разуменне экуменізму ў параўнанні з намі, бо яны — дыктатары — ведаюць, што мы — адно?» Кардынал Кох падзяліўся таямніцай экуменічнай «дыпламатыі» Святога Айца. «Вяртаючыся з Канстанцінопаля, Папа Францішак сказаў журналістам: "Я хачу сустрэцца з Патрыярхам Кірылам. Няхай ён мне скажа, дзе і калі, і я прыеду". Вось таямніца. Гэта воля, гэта жаданне і сардэчная адкрытасць, гатоўнасць рабіць усе патрэбныя крокі, каб ісці насустрач людзям. Гэта дыпламатыя сустрэчы», — сказаў іерарх. Кардынал дадаў, што для Папы «экуменізм — гэта сяброўства, братэрства і фундамент усяго, таму важна "не казаць адзін пра аднаго, але асабіста сустракацца і рабіць крокі наперад"». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |