Папа Францішак сустрэўся з цяжка хворым хлопчыкам |
Святы Айцец
|
02.04.2016 10:03 |
31 сакавіка Папа Францішак сустрэўся з цяжка хворым Ігнацыа Фучы і яго бацькамі. Васьмігадовы хлопчык стаў першым у Італіі пацыентам-дзіцём, якому быў перасаджаны касцявы мозг яго маці.
На сустрэчы з Пантыфікам прысутнічала таксама Эмануэле Транкаліні, дырэктар італьянскай арганізацыі «UNITALSI», структуры якой аказваюць дапамогу інвалідам.
Ігнацыа пакутуе ад вельмі рэдкага захворвання – ва ўсім свеце зарэгістравана ўсяго каля 40 такіх выпадкаў. Эмануэле Транкаліні назвала сустрэчу сям’і Фучы са Святым Айцом «момантам вялікага хвалявання і пяшчоты» і падкрэсліла асаблівую спагаду Пантыфіка да людзей, якія пакутуюць.
Папа Францішак надаў сілы і падбадзёрыў Ігнацыа і яго родных, перш за ўсё, сваёй увагай і неабыякавасцю да іх праблем. Святы Айцец заклікаў ператвараць пакуты і цяжкасці ў малітву да Бога аб моцы і трываласці.
У сваю чаргу, для Эмануэле Транкаліні ўзнагародай і падтрымкай стала ацэнка Пантыфікам дзейнасці структур, падпарадкаваных арганізацыі «UNITALSI». Адна з іх – Дом св. Бернадэты, які прымае сем’і цяжка хворых у рамках «Праекту Дзеці», – з кастрычніка 2014 г. клапоціцца таксама пра сям’ю Фучы. Дырэктар арганізацыі выказала пажаданне, каб падобных структур станавілася больш, бо людзей, якіх напаткала цяжкая хвароба і якія маюць патрэбу ў дапамозе, вельмі шмат і нельга, каб яны заставаліся сам-насам са сваімі праблемамі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|