Папа Францішак абвясціў збор сродкаў для ахвяр канфлікту ва Украіне.
Збор сродкаў адбудзецца ў нядзелю 24 красавіка ва ўсіх каталіцкіх
касцёлах Еўропы. Пра гэта Пантыфік сказаў у прамове перад малітвай «Regina Caeli» пад канец святой Імшы, якую цэлебраваў на плошчы св. Пятра ў нядзелю Божай Міласэрнасці.
«У гэты дзень, які з’яўляецца сэрцам Святога Года Міласэрнасці, мая думка накіроўваецца да ўсіх людзей, якія маюць прагу прымірэння і міру. Тут, у Еўропе, думаю, у прыватнасці, пра драму тых, якія пакутуюць ад наступстваў насілля ва Украіне: пра людзей, што засталіся на землях, спустошаных у выніку ваенных дзеянняў, якія ўжо сталі прычынай некалькіх тысяч смерцяў і тых больш за мільён, што былі вымушаны пакінуць гэтыя землі з-за цяжкай сітуацыі, якая надалей працягваецца. Яна закранае, перш за ўсё, пажылых людзей і дзяцей. Акрамя таго, што суправаджаю іх сваёю малітваю і думкаю, я вырашыў аказаць ім гуманітарную дапамогу. З гэтай мэтай ва ўсіх каталіцкіх касцёлах Еўропы будзе праходзіць 24 красавіка 2016 г. спецыяльны збор сродкаў. Заклікаю шчодра далучыцца да гэтай ініцыятывы. Гэты акт міласэрнасці мае на мэце не толькі палегчыць матэрыяльныя пакуты, але жадае таксама выказаць маю блізкасць і асабістую салідарнасць з ўсім Касцёлам. Я шчыра спадзяюся, што гэты жэст дапаможа паспрыяць міру і павазе правоў на гэтых так закранутых выпрабаваннямі землях.
Калі мы молімся за мір, памятайма, што заўтра адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з наземнымі мінамі. Занадта шмат людзей гіне або скалечваецца ад гэтай жудаснай зброі, а адважныя мужчыны і жанчыны рызыкуюць сваімі жыццямі, каб ачысціць замініраваныя землі. Адновім нашае жаданне для свету без мінаў.
І нарэшце, накіроўваю віншаванні ўсім вам, што прынялі ўдзел у гэтай цэлебрацыі, у прыватнасці групам, якія культывуюць духоўнасць Божай Міласэрнасці. Усе разам звернемся ў малітве да нашай Маці», - сказаў Папа.
Пасля малітвы Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў сабраным благаслаўленне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|