Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Мы ўсе пакліканы стаць жывымі аўтарамі Евангелля
Святы Айцец
03.04.2016 23:56

Выконванне ўчынкаў міласэрнасці з'яўляецца ладам жыцця хрысціяніна, сказаў Папа Францішак у гаміліі падчас святой Імшы ў нядзелю Божай Міласэрнасці, 3 красавіка, якую ўзначаліў на плошчы св. Пятра.

У літургіі прынялі ўдзел, між іншым, удзельнікі Еўрапейскага апостальскага кангрэса Божай Міласэрнасці, які праходзіць у Рыме.

Святы Айцец адзначыў, што «быць апосталам міласэрнасці азначае дакрануцца да Яе ранаў» у целе і ў душы шматлікіх нашых братоў і сясцёр. Вылечваючы гэтыя раны, мы прызнаём жывым і прысутным Езуса Хрыста, дазваляем іншым, якія імкнуцца дакрануцца рукой да Яго міласэрнасці, прызнаць Езуса «Панам і Богам», дадаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу, што Евангелле – гэта кніга Божай міласэрнасці, якую варта чытаць, таму што тое, што Езус сказаў і рабіў – гэта выяўленне міласэрнасці Айца. Па словах Пантыфіка, усё, аднак, не было напісана, і таму «Евангелле міласэрнасці застаецца адкрытай кнігай, у якой надалей трэба яшчэ запісваць знакі вучняў Хрыста, канкрэтныя жэсты любові, што з'яўляецца сведчаннем міласэрнасці». Мы ўсе пакліканы стаць жывымі аўтарамі Евангелля, несучы Добрую Навіну ўсім людзям, і можам зрабіць гэта, прымаючы канкрэтныя справы міласэрнасці для душы і для цела, якія з'яўляюцца хрысціянскім ладам жыцця, сказаў Папа.  

Пантыфік адзначыў, што кожная хвароба можа знайсці ў Божай Міласэрнасці эфектыўную падтрымку. Міласэрнасць Бога не спыняецца ніколі: яна імкнецца выйсці насустрач усім беднасцям і жадае вызваліць сучасны свет ад шматлікіх формаў нявольніцтва; хоча дасягнуць ранаў кожнага з нас, каб іх залячыць, сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў вернікам, што такая місія даручана менавіта ім. «Так шмат людзей просяць быць пачутымі і зразуметымі. Евангелле міласэрнасці, якое трэба абвяшчаць і пісаць у нашым жыцці, шукае людзей з адкрытым і спакойным сэрцам, “міласэрных самаранінаў”, якія здольныя аказаць спачуванні і маўчанне перад таямніцай брата і сястры. Патрабуе шчодрых і радасных слуг, якія любяць бескарысліва, не патрабуючы нічога ўзамен», -сказаў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што Божая міласэрнасць вечная, ніколі не заканчаецца, яна невычэрпная, ніколі не спыняецца. Папа заклікаў вернікаў заўсёды быць міласэрнымі і распаўсюджваць усюды сілу Евангелля.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.