Пантыфік заклікаў вернікаў адказваць Богу «так» |
Святы Айцец |
05.04.2016 11:37 |
4 красавіка, пасля велікодных урачыстасцяў, Пантыфік аднавіў цэлебрацыю ранішніх святых Імшаў з удзелам вернікаў у ватыканскім Доме св. Марты. Спасылаючыся на літургічныя чытанні, прызначаныя на ўрачыстасць Звеставання Пана, Пантыфік нагадаў, што менавіта «так», прамоўленае Марыяй, адчыніла дзверы Езусу. Папа заўважыў, што існуе цэлы «ланцуг» згодаў людзей на ініцыятывы Бога. Ён пачынаецца з Абрагама, які, будучы паслухмяным Пану, адказаў «так» свайму пакліканню і выйшаў з уласнай зямлі ў невядомым яму напрамку. Людзьмі згоды, па словах Папы, былі таксама Майсей, Ісая і Ерамія, хоць яны на пачатку і не разумелі, якім чынам змогуць служыць Пану, і мелі патрэбу ў Яго дапамозе.
«Сёння Евангелле нам распавядае пра канец гэтага ланцугу “так” і пра пачатак іншага “так”, якое стала расці: “так” Марыі”», — сказаў Святы Айцец. Праз згоду Найсвяцейшай Панны, паводле слоў Папы, Бог пачаў крочыць з чалавекам, прыняўшы яго цела. «“Так” Марыі адкрыла дзверы для “так” Езуса, які прыйшоў, каб спаўняць волю Айца, і быў верным гэтаму пакліканню аж да крыжовай смерці», — заўважыў Пантыфік. Папа Францішак заклікаў прысутных на літургіі, сярод якіх былі некаторыя святары, што адзначалі 50-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння, дзякаваць Езусу Хрысту за тое, што сваім прыкладам навучыў быць верным Богу.
«Мы ўсе штодзённа павінны казаць “так” або “не”, а таксама задумацца, ці заўсёды кажам “так”, або часам хаваемся, апускаючы галаву, як Адам і Ева, каб не казаць “не”, але рабіць выгляд, што не разумеем, чаго Бог ад нас просіць», — сказаў Святы Айцец. Урачыстасць Звеставання Пана, падчас якой успамінаецца цудоўная сустрэча Панны Марыі з арханёлам Габрыэлем, Пантыфік назваў святам «так». Напрыканцы літургіі Святы Айец заклікаў прысутных прасіць Бога аб ласцы, каб устаць на шлях людзей, здольных адказаць згодай на ініцыятывы Бога. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |