Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак наведае Арменію, Грузію і Азербайджан
Святы Айцец
09.04.2016 21:11

9 красавіка Святы Пасад паведаміў, што Папа Францішак наведае Арменію, Грузію і Азербайджан. Гэта будуць два асобныя падарожжы: у чэрвені – у Арменію, у верасні – у Грузію і Азербайджан.

«Прымаючы запрашэнні Гарэгіна II, Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян, грамадзянскіх уладаў і Каталіцкага Касцёла, Францішак адправіцца ў Арменію з 24 па 26 чэрвеня 2016 г.», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду. «У той жа час, прымаючы запрашэнні Яго Святасці Іллі II, Каталікоса Патрыярха ўсяе Грузіі, а таксама грамадзянскіх і рэлігійных уладаў Грузіі і Азербайджана, Святы Айцец здзейсніць сваё апостальскае падарожжа на Каўказ, наведваючы гэтыя дзве краіны з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 г.», – адзначаецца там жа.

Пакуль нічога не гаворыцца аб дакладнай праграме гэтых падарожжаў.

Гэта не першы візіт Рымскага Пантыфіка ў тры ўзгаданыя краіны. Раней іх наведаў Ян Павел ІІ. У лістападзе 1999 г. ён наведаў Грузію, дзе падпісаў сумесную з Прадстаяцелем Грузінскай Царквы заяву, у якой прагучаў заклік да кіраўнікоў дзяржаў і міжнароднай супольнасці праявіць волю ў імя выратавання свету ад войнаў, насілля і тэрарызму і на парозе трэцяга тысячагоддзя стварыць умовы для ўстанаўлення міру ва ўсім свеце. У звароце падкрэслівалася, што тэрарызм стаў новай і рэальнай небяспекай для ўсяго свету.

У верасні 2001 г., наведваючы Арменію, Ян Павел ІІ прыняў удзел у святах, прысвечаных 1700-годдзю прыняцця гэтай краінай хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі.

У маі 2002 г. у Азербайджане Папа, між іншым, правёў сустрэчу з рэлігійнымі лідарамі і прадстаўнікамі сферы палітыкі, культуры і мастацтва.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.