Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: не выкарыстоўваць Божае слова для асуджэння
Святы Айцец
12.04.2016 12:41

Не асуджаць іншых, ужываючы Божае слова, заклікаў Папа Францішак 11 красавіка ў гаміліі на ранішняй святой Імшы ў Ватыкане. Важна чалавечае жыццё, а не схемы, дадаў Пантыфік, звяртаючыся да прысутных у капліцы Дома св. Марты.

Папа спаслаўся на першае чытанне літургіі гэтага дня (Дз 6,8-15), якое апісвае судовы працэс над Стэфанам перад сінедрыёнам.

«Гісторыя распавядае пра многіх людзей, якія былі забіты, прыцягнуты да адказнасці, нават калі былі не вінаватыя: пра асуджаных на падставе Божага слова насуперак Божаму слову», — сказаў Папа Францішак. Святы Айцец заўважыў, што настаўнікі Закону абвінавацілі Стэфана, таму што «не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў». Яны «паставілі ілжывых сведкаў, якія казалі, што гэты чалавек не перастае блюзнерыць супраць святога месца і Закону».

Каментуючы гэтыя словы, Папа адзначыў, што сэрца, зачыненае для Божай ісціны, прывязваецца выключна да ісціны Закону, і яшчэ больш — да літары Закону, і адзінае выйсце, якое бачыць, — гэта хлусня, ілжывыя сведкі і прысуд да смерці.

Папа прызнаўся, што з цяжарам на сэрцы чытае ўрывак з Евангелля паводле Мацвея, у якім гаворка ідзе пра тое, што Юда пасля смерці Езуса раскаяўся, вярнуў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам. На што яны сказалі: «Што нам да таго? Глядзі сам» (Мц 27, 4). Іх сэрца было зачынена, жыццё гэтага няшчаснага чалавека, які пайшоў вешацца, нічога для іх не значыла; для іх не мае значэння пакаянне Юды, лічыцца толькі іх схема, дадаў Пантыфік.

Вяртаючыся да гісторыі Стэфана, Святы Айцец адзначыў, што канец яго жыцця быў такі ж, як і ў прарокаў і самога Езуса, і гэта паўтараецца ў гісторыі Касцёла. Тут Пантыфік узгадаў Жанну д’Арк і многіх іншых людзей, якія былі спалены, асуджаны, бо, на думку суддзяў, не адпавядалі Божаму слову. Прыкладам тут з’яўляецца Езус, які, каб быць верным і паслухмяным Слову Айца, апынаецца на крыжы. Ён пяшчотна кажа вучням з Эмаўса: «О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!» (Лк 24, 25)

Папа Францішак заклікаў вернікаў прасіць Бога, каб Ён з той жа далікатнасцю глядзеў на малое або вялікае глупства чалавечых сэрцаў, падарыў людзям пяшчоту і пачаў тлумачыць сэнс рэчаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.