Папа заклікаў да адмены смяротнага пакарання і даравання даўгоў самым бедным краінам у Год Міласэрнасці |
Святы Айцец
|
12.04.2016 21:46 |
Пантыфік піша пра гэта ў адмысловым звароце да кардынала Пітэра Тарксана, старшыні Папскай рады «Iustitia et Pax», які прымае ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па пабудове справядлівага свету. Канферэнцыя арганізавана ў Рыме пры супрацоўніцтве з «Pax Christi International».
Папа Францішак падкрэсліў жыццёвую неабходнасць барацьбы з «фрагментарнай трэцяй сусветнай вайной», якую ў цяперашні час адчувае значная частка чалавецтва тым ці іншым чынам. Мір, па словах Святога Айца, трэба будаваць шляхам сустрэчы асобаў і цэлых народаў, а таксама груп, якія вызнаюць супрацьлеглыя ідэалогіі.
У сваім пасланні Папа заклікаў да «глабалізацыі салідарнасці», будавання больш справядлівага свету і выкарыстання для гэтага ўсіх магчымых сродкаў. Пантыфік падкрэсліў, аднак, што самай вялікай перашкодай на гэтым шляху з’яўляецца «сцяна абыякавасці і ўзаемнай прадузятасці». Цяжка весці дыялог, напісаў Папа, але трэба быць гатовымі ахвяраваць дзеля не толькі ўласнай карысці, але і карысці ўсяго чалавецтва.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|