Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: новая форма пераследу хрысціян хаваецца за маскай прагрэсу
Святы Айцец
13.04.2016 13:28

Пераслед — гэта штодзённы хлеб Касцёла, які мае розныя формы, сказаў Папа Францішак 12 красавіка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра мучаніцтва св. Стэфана, Пантыфік закрануў тэму пераследу хрысціян, нагадаўшы, што вызнаўцы Хрыста працягваюць гінуць за сваю веру да сённяшняга дня.

Пераслед спадарожнічае жыццю хрысціян на працягу дзвюх тысяч гадоў, сказаў Святы Айцец, дадаўшы, што, каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прагуляцца па вуліцах Рыма і ўбачыць шматлікія месцы, пазначаныя крывёй хрысціянскіх мучанікаў.

«Пойдзем у Калізей і падумаем пра мучанікаў, якіх разрывалі львы», — заахвоціў Папа.

Мучанікі, аднак, былі не толькі ў мінулым, дадаў Пантыфік і нагадаў пра ахвяраў тэракту ў Пакістане ў сёлетнюю Велікодную нядзелю, які забраў жыцці вернікаў, што святкавалі Уваскрасенне Пана.

«Гісторыя Касцёла развіваецца дзякуючы мучанікам», — лічыць Святы Айцец.

Папа Францішак нагадаў і пра іншы від сучаснага пераследу хрысціян, які хаваецца за маскай культуры, сучаснасці і прагрэсу. Гэты пераслед Папа іранічна назваў «адукаваным». Вернікі падвяргаюцца яму не за тое, што вызнаюць імя Хрыста, але таму, што хочуць мець і дэманстраваць каштоўнасці Сына Божага.

Па словах Пантыфіка, такі пераслед праяўляецца ў навязванні законаў, якія супярэчаць Божай задуме, а калі народы адмаўляюцца іх прымаць, то падвяргаюцца крытыцы і «адукаванаму пераследу».

«Гэта пераслед, які пазбаўляе чалавека свабоды, у тым ліку свабоды сумлення», а кіруе ім «князь гэтага свету» – д’ябал, адзначыў Папа.

«Гэта вялікі пераслед супраць Бога Творцы», — перакананы Пантыфік.

Папа Францішак заклікаў вернікаў быць пільнымі і не аддаляцца ад Бога, быць упэўненымі ў Яго пастаяннай падтрымцы, не паддавацца духу гэтага веку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.