Супольная дэкларацыя па пытанні бежанцаў падпісана на в. Лесбас |
Святы Айцец
|
16.04.2016 16:21 |
16 красавіка на заканчэнне сустрэчы з бежанцамі на грэчаскім востраве Лесбас Папа Францішак, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І і Архіепіскап Афін і ўсяе Грэцыі Іеранім ІІ падпісалі супольную дэкларацыю.
Рэлігійныя лідары звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам “мужна адказаць на гуманітарны крызіс і яго прычыны праз дыпламатычныя, палітычныя і дабрачынныя ініцыятывы і супольныя намаганні, як на Блізкім Усходзе, так і ў Еўропе”.
У дэкларацыі ўтрымліваецца заклік да палітыкаў задзейнічаць усе сродкі дзеля таго, каб асобы і супольнасці, уключаючы хрысціянскія, маглі застацца ў сваіх родных землях і карыстацца фундаментальным правам жыцця ў міры і бяспецы.
Аўтары дакумента заклікалі да міжнароднай згоды і прыняцця праграмы па падтрымцы прававых дзяржаў, абароны правоў чалавека, меншасцяў, барацьбы з гандлем і кантрабандай людзей, небяспечнымі спосабамі іх перапраўкі праз Эгейскае і Міжземнае мора.
Папа і праваслаўныя іерархі заклікалі палітыкаў пакласці канец войнам і насіллю, а рэлігійныя супольнасці – прымаць, дапамагаць і бараніць бежанцаў, незалежна ад іх веры. У дэкларацыі падкрэсліваецца, што абарона чалавечага жыцця павінна быць прыярытэтам для міжнароднай супольнасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|