Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік наведаў лагер для бежанцаў
Святы Айцец
16.04.2016 16:31

16 красавіка Папа Францішак разам з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І і Архіепіскапам Афін і ўсяе Грэцыі Іеранімам ІІ наведаў лагер для бежанцаў у Морыя, дзе знаходзіцца каля 2,5 тыс. чалавек, з якіх 150 непаўналетнія.

Рэлігійныя лідары наведалі вялікую палатку, каб сустрэцца з імі ў індывідуальным парадку. Папа і два праваслаўных іерархі звярнуліся да бежанцаў з прамовамі, а затым паабедалі з імі.

«Мы прыбылі, каб звярнуць увагу свету на гэты вялікі гуманітарны крызіс і заклікаць да яго вырашэння. Як людзі веры, мы жадаем злучыць нашы галасы і адкрыта прамаўляць ад вашага імені. Спадзяёмся, што свет стане ўважлівым да гэтых сітуацый трагічнай і па-сапраўднаму безнадзейнай нястачы і адкажа на яе спосабам, годным нашай супольнай чалавечнасці», - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што Бог стварыў чалавечы род, каб ён з’яднаўся ў адзінай сям’і. «Калі які-небудзь з нашых братоў ці сясцёр пакутуе, гэта тычыцца ўсіх нас», - сказаў Папа. Пантыфік заўважыў, што разам з ігнараваннем пакут бежанцаў і злоўжываннямі іх станам існуюць прыклады шчодрасці і адкрытасці, якія прадэманстраваў грэчаскі народ, а таксама мноства людзей з усяго свету, асабліва моладзь, якія аказалі сваю дапамогу. «Так, яшчэ трэба шмат зрабіць, але падзякуем Богу, што ў нашых пакутах Ён не пакідае нас у адзіноце. Заўсёды ёсць хтосьці, хто працягвае нам руку дапамогі», - падкрэсліў Папа.

Пантыфік заклікаў бежанцаў не губляць надзеі, дзяліцца любоўю і міласэрнасцю паміж сабой, маліцца адзін за аднаго і аказваць узаемную падтрымку і разуменне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.