16 красавіка, вяртаючыся з грэчаскага вострава Лесбаса ў Рым, Папа Францішак даў прэс-канферэнцыю на борце самалёта.
Пантыфік падкрэсліў, што яго візіт на Лесбас не быў «палітычным» і звязаным з нядаўнім пагадненнем па мігрантах паміж Еўрапейскім Саюзам і Турцыяй: падарожжа насіла «гуманітарны" характар.
Папа дадаў, што з разуменнем ставіцца да страху перад феноменам міграцыі з боку «ўрадаў, а таксама народаў», але нагадаў і пра абавязак гасціннасці.
Паводле Святога Айца, Еўропе неабходна тэрмінова рэалізоўваць праграмы па прыняцці мігрантаў і іх інтэграцыі ў грамадства. Неабходны таксама змены ў сістэме развіцця, працы і эканомікі. «Усё гэта масты, які дапамогуць нам перастаць будаваць муры», - лічыць Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што тры мусульманскія сям'і, якія адправіліся разам з ім у Рым з лагера для бежанцаў, былі выбраны не па рэлігійнай прыкмеце, але па прычыне наяўнасці ў іх усіх неабходных дакументаў. Святы Айцец распавёў, што ў першапачатковым спісе былі дзве хрысціянскія сям'і, аднак у іх былі праблемы з дакументамі. Такім чынам гаворка не ідзе пра існаванне прывілеяў, бо адзіны прывілей заключаецца ў тым, каб быць дзіцём Божым, сказаў Пантыфік.
Для Святога Айца не існуе розніцы паміж людзьмі, якія ўцякаюць ад вайны і ад голаду, таму што і першае, і другое з'яўляецца вынікам злоўжыванняў. Па словах Папы, яго сустрэча з бежанцамі адносіцца да «маленькіх жэстаў», аб якіх казала яшчэ Маці Тэрэза з Калькуты і якія вельмі важныя. «Такія маленькія жэсты павінны рабіць мы ўсе, працягваючы руку тым, хто гэтага патрабуе», - сказаў Пантыфік.
Гаворачы пра сваю нядаўнюю адгартацыю «Amoris Laetitia», Папа Францішак заўважыў, што СМІ звярнулі празмерную ўвагу на пытанне аб Камуніі для разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, аднак праігнаравалі іншыя рэчы, як, напрыклад, той факт, што «сям'я ва ўсім свеце знаходзіцца ў крызісе».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|