Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Рымскі памаліўся за ахвяр землятрусу ў Эквадоры і Японіі
Святы Айцец
18.04.2016 11:05

Дзясяткі чалавек у Японіі сталі ахвярамі серыі падземных штуршкоў, якія не сціхаюць з чацвярга. У Эквадоры ў сувязі з мацнейшым за апошнія гады землятрусам, які адбыўся ў ноч на нядзелю, было аб’яўлена надзвычайнае становішча.

Папа Рымскі Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Regina Caeli» ў нядзелю памаліўся за ахвяр разбуральных землятрусаў у Японіі і Эквадоры.

«Гэтай ноччу адбыўся разбуральны землятрус у Эквадоры, у выніку якога ёсць шматлікія ахвяры і разбурэнні. Памолімся за гэты народ, а таксама за насельніцтва Японіі, дзе ў гэтыя дні адбылося некалькі землятрусаў. Дапамажы ім, Божа, дай сілу і падтрымку», — сказаў Пантыфік, звяртаючыся да сабраных на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Падземныя штуршкі з магнітудай 7,8 былі зафіксаваны ў Эквадоры ў 23.48. Эпіцэнтр землятрусу размяшчаўся ў 28 кіламетрах на паўднёвы ўсход ад населенага пункта Муіснэ. На ўсёй тэрыторыі краіны ўведзена надзвычайнае становішча. Ахвярамі землятрусу сталі, паводле апошніх даных, 77 чалавек, 588 пацярпелі.

У Японіі ў чацвер у прэфектуры Кумамота на заходнім узбярэжжы вострава Кюсю адбыўся буйны землятрус з магнітудай у 6.5.

У ноч суботы там здарыўся яшчэ адзін землятрус, які па моцы ў 16 разоў перавышаў папярэдні. Паводле апошніх даных, загінуў 41 чалавек і чатыры зніклі без вестак. Пацярпела больш за 200 чалавек. Каля 160 тысяч размешчаны сёння ў часовых эвакуацыйных цэнтрах. Амаль 400 тысяч сем’яў засталіся без вады, прыкладна 78 тысяч — без свету.

ria.ru (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.