Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Бежанцы — браты, з якімі трэба дзяліцца
Святы Айцец
19.04.2016 12:57

«Бежанцы ведаюць шляхі, якія вядуць да міру, бо знаёмы са з’едлівым пахам вайны», — сказаў Папа Францішак 19 красавіка ў відэапасланні з нагоды 35-годдзя езуіцкай службы дапамогі мігрантам «Centro Astalli».

«Кожны з вас, бежанцы, якія стукаеце ў нашы дзверы, мае аблічча Бога, з’яўляецца целам Хрыста. Ваш досвед пакут і надзеі нагадвае нам, што мы ўсе чужынцы і пілігрымы на гэтай зямлі, прынятыя кімсьці са шчодрасцю і без якіх-небудзь заслугаў», — сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што кожны, хто быў вымушаны ўцякаць са сваёй зямлі па прычыне прыгнёту, вайны, забруджвання навакольнага асяроддзя або несправядлівага размеркавання дабротаў планеты, з’яўляецца «братам, з якім трэба падзяліцца хлебам, домам, жыццём».

«Часта мы вас не прымаем! Прабачце закрытасць і абыякавасць нашых грамадстваў, што баяцца змены жыцця і ментальнасці, якой патрабуе ваша прысутнасць. Да вас ставяцца як да цяжару, праблемы, выдатку, а вы, аднак, з’яўляецеся дарам. Вы сведчанне таго, як наш ласкавы і міласэрны Бог здольны перамяняць зло і несправядлівасць, ад якіх пакутуеце, у дабро для ўсіх.

Таму кожны з вас можа быць мостам, які злучае далёкія народы і робіць магчымай сустрэчу паміж рознымі культурамі і рэлігіямі, шляхам для адкрыцця нашай супольнай чалавечнасці», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак павіншаваў супрацоўнікаў «Centro Astalli» з юбілеем і падкрэсліў, што 35 гадоў — гэта «толькі пачатак шляху, які становіцца ўсё больш неабходным» і з’яўляецца «адзінай дарогай да мірнага суіснавання».

«Centro Astalli» дапамагае мігрантам і бежанцам праз забеспячэнне ежай, начлегам, інтэграцыйнымі курсамі, медыцынскімі, юрыдычнымі і іншымі паслугамі. Аддзяленні гэтай езуіцкай службы дзейнічаюць у розных частках Італіі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.