Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Трэба дазволіць Айцу прыцягнуць нас да Яго
Святы Айцец
20.04.2016 11:48

Хрысціянін, які не дазваляе Айцу прыцягнуць сябе да Езуса, жыве ў стане сіроцтва, падкрэсліў Папа Францішак 19 красавіка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Гамілію Пантыфік пачаў са спасылкі на непрабіўны скептыцызм юдэяў адносна Езуса, пра што кажа Евангелле паводле Яна (10, 22-30).

«Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта», — гэтае пытанне, якое кніжнікі і фарысеі часта задавалі Хрысту ў розных формах, магло нараджацца толькі ў сляпых сэрцах, сказаў Пантыфік. Гэтую духоўную слепату, па словах Святога Айца, Езус тлумачыў сваім суразмоўцам так: «Вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак». Быць часткай Божага статку — гэта ласка, якая патрабуе, аднак, адкрытага сэрца, перакананы Папа.

Папа адзначыў, што менавіта Бог Айцец прыцягвае сэрцы людзей да Хрыста, а цвёрдасць сэрцаў кніжнікаў і фарысеяў, якія бачылі чыны Езуса, але адмаўляліся прызнаваць у Ім Месію, — гэта драма.

Фарысеі ніякім чынам не жадалі верыць ва ўваскрасенне і нават, каб абвінаваціць вучняў у выкраданні цела свайго Настаўніка, падбухторылі вартаўнікоў магілы Хрыста прызнацца ў тым, што яны заснулі, дадаў Пантыфік.

Такі стан Папа Францішак назваў сапраўдным «сіроцтвам». «Гэтыя настаўнікі Закону мелі закрытыя сэрцы, адчувалі сябе гаспадарамі саміх сябе, а на самой справе былі сіротамі, бо не мелі адносін з Айцом (...). Гэта драма закрытых сэрцаў гэтых людзей», — сказаў Пантыфік.

Падобнай закрытасці Святы Айцец супрацьпаставіў прыклад язычнікаў з кнігі Дзеяў Апосталаў (11, 29-16), якія навярталіся, калі чулі Божае слова.

Напрыканцы гаміліі Папа Францішак падкрэсліў, што, каб стаць вучнямі Хрыста, трэба дазволіць Айцу прыцягнуць нас да Яго. Пантыфік заклікаў маліцца такімі словамі: «Ойча, прыцягні мяне да Езуса. Ойча, дай мне пазнаць Езуса». Айцец спашле Духа, каб адкрыў нашы сэрцы і прывёў да Хрыста, перакананы Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.