Пантыфік пра важнасць памяці ў духоўным жыцці |
Святы Айцец |
21.04.2016 17:32 |
Пантыфік спаслаўся на ўрывак з кнігі Дзеяў Апосталаў, у якім Павел увайшоў у сінагогу і пачаў прапаведваць, апавядаючы пра гісторыю збаўлення ад Абрагама і Майсея аж да прыйсця Езуса Хрыста. Такое «гістарычнае прапаведванне» апосталаў з’яўляецца фундаментальна важным, паколькі дазваляе ўзгадаць пра знакі Божай прысутнасці ў жыцці чалавека, лічыць Папа. Каштоўнай, па словах Пантыфіка, з’яўляецца таксама памяць аб асабістай гісторыі, паколькі «кожны з нас прайшоў пэўным шляхам, у суправаджэнні Бога, блізка з Богам» або «аддаляючыся ад Яго». «Для сэрца хрысціяніна будзе карысна ўзгадаць аб сваім шляху, аб уласнай дарозе: аб тым, як Пан яго прывёў сюды, як вёў за руку. А таксама пра тое, як ён казаў Пану: “Не! Адыйдзі! Не хачу!» — адзначыў Папа. Памяць пра адносіны з Богам, на думку Святога Айца, вядзе да новай сустрэчы з Ім — сустрэчы ўдзячнасці. «Памяць набліжае да Бога. Гэта памяць пра тое, што Бог учыніў у нас, праз пераўтварэнне, праз адраджэнне, якое вядзе далей за старыжытнае ззянне, якое меў Адам падчас першага стварэння», — сказаў Пантыфік. Напрыканцы гаміліі Папа пажадаў памятаць пра цудоўныя і вялікія справы, якія Бог учыніў у жыцці кожнага. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |