Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: бедныя – для ўзрастання Касцёла ў любові
Святы Айцец
22.04.2016 09:57

21 красавіка Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі Нацыянальнага кангрэсу італьянскіх дыяцэзіяльных аддзяленняў «Caritas». У сваёй доўгай прамове Пантыфік даў каштоўныя парады супрацоўнікам гэтай дабрачыннай каталіцкай арганізацыі.

Святы Айцец нагадаў аб важнасці «адукацыйнай місіі», якая заключаецца ў тым, каб дапамагаць бедным узрастаць у годнасці, хрысціянскім супольнасцям — ісці шляхам Хрыста, а грамадзянскай супольнасці — сумленна прымаць уласныя абавязкі.

«Caritas» паклікана зрабіць так, каб дабрачыннае служэнне стала абавязкам кожнага, «гэта значыць, каб уся хрысціянская супольнасць стала суб’ектам міласэрнасці», адзначыў Святы Айцец. Трэба «быць стымулам і душой, каб уся супольнасць узрастала ў міласэрнасці і была здольнай знаходзіць новыя шляхі набліжэння да бедных, разумення і рэагававання на сітуацыі, якія прыгнятаюць мільёны братоў — у Італіі, у Еўропе, у свеце», сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў важнасць валантарыяту, стымулявання грамадскіх структур і заканадаўства на карысць супольнага дабра і абароны самых слабых членаў грамадства. Неабходна барацьба з прычынамі беднасці, маргіналізацыі, механізмамі, якія ствараюць несправядлівасць і дзейнасць «супраць усіх структураў граху», дадаў Папа.

«Для гэтай мэты патрэбна навучанне асобных людзей і груп свядомым ладам жыцця, каб усе адчувалі сябе па-сапраўднаму адказнымі за ўсіх», — сказаў Пантыфік. Папа нагадаў аб важнасці пашырэння парафіяльных аддзяленняў «Caritas». Перад абліччам міграцыйнага крызісу супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі павінны, па словах Святога Айца, спрыяць інтэграцыі замежнікаў у грамадства, авалодваючы культурнымі і прафесійнымі інструментамі, адпаведнымі складанасцям феномену і яго асаблівасцям.

Выключную ролю ў місіі «Caritas», паводле Папы, граюць сем’і, для якіх любоў з’яўляецца душой і місіяй. «Самыя складаныя адказы на многія бедствы могуць быць дадзены менавіта тымі сем’ямі, якія, пераўзыходзячы спакусу “кароткай” і эпізадычнай салідарнасці, якая часам таксама неабходна, вырашаюць супрацоўнічаць паміж сабой і ўсімі іншымі службамі салідарнасці на тэрыторыі, прадстаўляючы рэсурсы ўласнай штодзённай адкрытасці. Колькі цудоўных прыкладаў гэтага мы маем у нашых супольнасцях!» — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сустрэчы Папа Францішак заклікаў без страху адказаць Пану, які выходзіць насустрач у абліччах і гісторыях самых патрабуючых братоў і сясцёр. Бедныя, па словах Святога Айца, — гэта прапанова, з якой Бог звяртаецца да Касцёла, каб ён узрастаў у любові і вернасці.

Нацыянальны кангрэс італьянскіх дыяцэзіяльных аддзяленняў «Caritas» праходзіў у Рыме 18-21 красавіка 2016 г. і быў прымеркаваны да 45-годдзя стварэння гэтай арганізацыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.