Святы Айцец павіншаваў юдэяў са святам Песах |
Святы Айцец |
22.04.2016 10:57 |
Святкаванне сёлета пачнецца 22 красавіка і па традыцыі будзе працягвацца восем дзён. Свае віншаванні Пантыфік скіраваў на імя галоўнага рабіна Рыма Рыкарда Дзі Сэньі. «З абноўленай удзячнасцю ўзгадваючы аб нашай сустрэчы, якая адбылася 17 студзеня, калі я быў сардэчна прыняты Вамі і юдэйскай супольнасцю ў Вялікай сінагозе, хачу выказаць самыя шчырыя віншаванні з нагоды свята Песах», — распачаў сваю віншавальную прамову Пантыфік. «Яно нагадвае, што Усемагутны Бог вызваліў свой умілаваны народ з рабства і прывёў у абяцаную зямлю. Няхай Ён вас суправаджае таксама і сёння праз дастатак у сваіх благаслаўленнях, бароніць вашу супольнасць і ў сваёй міласэрнасці адорыць кожнага супакоем», — дадаў Святы Айцец. Папа папрасіў маліцца за яго, а таксама запэўніў у сваёй малітве. «Няхай Пан дазволіць нам усё больш узрастаць у сяброўстве», — напісаў Пантыфік напрыканцы віншавальнай тэлеграмы. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |