24 красавіка Папа Францішак узначаліў святую Імшу з удзелам больш чым 70 тыс. падлеткаў ад 13 да 16 гадоў, якія прыбылі ў Рым з нагоды Юбілею Міласэрнасці. Эўхарыстыя прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Звяртаючыся да маладых людзей, Пантыфік заклікаў іх будаваць сваю будучыню разам з іншымі і для іншых, ніколі не супраць кагосьці, засноўваючы ўсё на любові, якая з'яўляецца «пасведчаннем асобы хрысціяніна». «Людзі будуць пазнаваць вучняў Езуса толькі паводле таго, як яны любяць адзін аднаго», - адзначыў Папа.
Пантыфік нагадаў, што Хрыстус «дае ім сваё вернае сяброўства, нават калі Яго расчароўваюць і аддаляюцца ад Яго». «Езус усё любіць іх і па-ранейшаму знаходзіцца побач з імі, верыць у іх больш, чым яны вераць у сябе. І гэта вельмі важна!» - адзначыў Святы Айцец.
Кажучы пра вялікае імкненне кагосьці любіць і быць любімым, якое прысутнічае ў маладых людзях, Папа патлумачыў, што Езус, калі яны пойдуць у Яго школу, змесціць у іх сэрцы «добрую інтэнцыю любові», не жадаючы завалодаць імі, але пакідаючы іх свабоднымі.
Таксама Пантыфік дадаў, што жаданне свабоды не заключаецца ў тым, што яны могуць рабіць тое, што ім хочацца. «Свабодным з’яўляецца той, хто выбірае дабро, хто шукае тое, што падабаецца Богу, хоць гэта цяжка», - сказаў Святы Айцец. Папа заклікаў моладзь не задавальняцца пасрэднасцю, «марнеючы», камфортна седзячы. «Не верце тым, хто адцягвае ўвагу ад сапраўднага багацця, якім з’яўляецеся вы, кажучы вам, што жыццё цудоўнае толькі тады, калі ў вас ёсць шмат рэчаў; сцеражыцеся тых, што хочуць, каб вы паверылі ў тое, што вы важныя, калі вы апранаецеся паводле навейшай моды», - заахвоціў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што любоў ажыццяўляецца не тады, калі мы гаворым пра яе, але толькі тады, калі жывем ёю: гэта не салодкая паэзія, якую трэба вывучаць на памяць, але выбар жыцця. «Каб узрастаць у любові, трэба прымаць любоў Езуса ў святой Імшы і сакрамэнце пакаяння. Там мы вучымся прымаць Яго любоў і рабіць яе сваёй», - сказаў Папа.
На заканчэнне Пантыфік пажадаў моладзі, каб яе штодзённай праграмай жыцця сталі ўчынкі міласэрнасці. «Практыкуйце іх з энтузіязмам, каб стаць чэмпіёнамі жыцця! Такім чынам вы будзеце прызнаны вучнямі Езуса, і ваша радасць будзе поўнай», - адзначыў Папа. Пасля літургіі Святы Айцец уручыў групе падлеткаў крыжы, якія можна павесіць на шыю, запрашаючы такім чынам, каб былі яны місіянерамі і вестунамі Божай міласэрнасці, аб’яўленай у Езусе Хрысце.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|