Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец напісаў ліст вязням
Святы Айцец
25.04.2016 16:30

Папа Францішак напісаў ліст вязням турмы італьянскага горада Велетры. «Не дазваляйце мінуламу зняволіць вас, а перамяняйце яго ў шлях росту, веры і любові», — заклікаў Пантыфік.

«Дайце Богу магчымасць дапамагчы вам “заззяць” праз гэты ваш досвед», — напісаў Святы Айцец у адказ на пасланне, якое зняволеныя скіравалі яму праз мясцовага біскупа Марчэла Семерара. «Дзякую вам за тое, што думалі пра мяне пасярод цяжкасцяў вашых сітуацый цяперашняга жыцця», — дадаў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што таксама часта думае пра зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў турмах.

«Па гэтай прычыне падчас маіх душпастырскіх візітаў я часта пытаюся аб магчымасці сустрэчы з братамі і сёстрамі, якія, як вы, жывуць ва ўмовах абмежаванай свабоды, каб прынесці ім цяпло і блізкасць», — распавёў Пантыфік.

Святы Айцец прызнаў, што часта зняволеныя жывуць адчуваннем, што для іх час спыніўся і не скончыцца ніколі. «Але сапраўднае вымярэнне часу — гэта не стрэлка гадзінніка. Сапраўдным вымярэннем часу з’яўляецца надзея! Я жадаю, каб кожны з вас заўсёды трымаў запаленым святло надзеі і веры, каб асвяціць сваё жыццё!» — адзначыў Пантыфік.

«Будзьце ўпэўнены, што Бог вас любіць», — пажадаў Папа і нагадаў, што Бог не глядзіць на мінулае чалавека і яго памылкі. «У гісторыі Касцёла ёсць мноства святых, якія прыйшлі да святасці праз цяжкія і складаныя досведы, — адзначыў Пантыфік і заклікаў зняволеных: — Адкрыйце вашы сэрцы Хрысту, і Хрыстус зменіць вашы сітуацыі».

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.