Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас святкавання Дня Зямлі: Не трэба баяцца ісці туды, дзе пустыня
Святы Айцец
25.04.2016 16:46

24 красавіка Папа Францішак нечакана з’явіўся на святкаванні Міжнароднага дня Зямлі, якое праходзіла ў рымскім парку «Віла Баргезэ». Пантыфік быў запрошаны на яго за свой значны ўклад у абарону навакольнага асяроддзя.

Пасля таго, як былі выслуханы некаторыя сведчанні, Святы Айцец уручыў арганізатарам падзеі тэкст выступлення, з якім планаваў звярнуцца, і падзяліўся з прысутнымі некаторымі разважаннямі.

Пантыфік прызнаўся, што мае перад вачыма два вобразы: пустыні і лесу. Звяртаючыся да членаў руху «Факаляры», Святы Айцец падкрэсліў, што іх праца з’яўляецца менавіта ператварэннем пустыні ў лес: пустыні, якая прысутнічае ў жыцці мноства людзей, якая па прычыне існавання шматлікіх забабонаў і страхаў ахапіла мноства гарадоў.

У дасягненні гэтай мэты Пантыфік параіў не баяцца канфліктаў і не адварочвацца ад іх. Святы Айцец заўважыў, што канфлікты заўсёды звязаны як з рызыкамі, так і з магчымасцямі. «Мы не павінны баяцца ісці туды, дзе пустыня, каб ператварыць яе ў лес, каб несці жыццё, выціраць слёзы і ўсміхацца», — сказаў Папа.  

Паводле слоў Святога Айца, гледзячы на твары людзей на вуліцах, часта можа заўважыць смутак, адсутнасць чуласці і асабліва «грамадзянскага сяброўства».

Папа Францішак заклікаў пашыраць такое сяброўства праз бескарыслівыя ўчынкі, спорт, мастацтва, прабыванне разам з іншымі людзьмі, радасць, наданне цэнтральнага месца чалавечай асобе, а не грошам, а таксама праз прабачэнне, паколькі яно аддаляе смутак.

Напрыканцы сваёй імправізаванай прамовы Папа заклікаў усіх да супрацоўніцтва на карысць абароны чалавека, каб мець магчымасць убачыць цуд ператварэння пустыні ў лес.

Арганізатарамі святкавання Міжнароднага дня Зямлі ў Вечным горадзе выступілі экалагічныя арганізацыі «EarthDayItalia» і «Connect4Climate», каталіцкі рух «Факаляры», а таксама рымская гарадская адміністрацыя.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё,
(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.