Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чарнобыльская трагедыя ў закліках Пантыфікаў
Святы Айцец
26.04.2016 15:52

26 красавіка адзначаецца 30-я гадавіна аварыі на ЧАЭС. На мінулым тыдні Папа Францішак сустрэўся з некаторымі ліквідатарамі з Беларусі і Украіны і заклікаў маліцца за ўсіх, хто дапамагаў пераадолець наступствы гэтай катастрофы.

«Вітаю пілігрымаў, якія прыбылі з Украіны і Беларусі ў межах міжнароднай канферэнцыі з нагоды 30-годдзя трагедыі ў Чарнобылі. Зноў, узносячы малітвы за ахвяр гэтай катастрофы, выказваем нашу ўдзячнасць ліквідатарам і прызнанне за ўсе ініцыятывы, пакліканыя аблегчыць пакуты і выправіць прычыненую шкоду. Хрыстус уваскрос!» — сказаў Папа.

Візіт беларускіх ліквідатараў у Ватыкан стаў першым у гісторыі. Апостальская Сталіца, аднак, заўсёды ставілася з вялікай увагай да чарнобыльскай трагедыі. Ужо праз 11 дзён пасля выбуху Ян Павел ІІ казаў, што атамная энергетыка «можа пагражаць усяму чалавецтву, нягледзячы на нацыянальныя межы».

На працягу свайго пантыфікату Ян Павел ІІ сустрэўся з прадстаўнікамі мноства рухаў, асацыяцый, сем’яў, парафій, якія дапамагалі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. У 1995 годзе на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане прысутнічала група беларускіх дзяцей, якія прыбылі ў Італію на аздараўленне. Да іх Ян Павел ІІ таксама скіраваў некалькі словаў.

«Дарагія беларускія дзеткі! Папа Рымскі вас вітае і ўпрошвае Стварыцеля неба, зямлі, вод, кожнай істоты на зямлі аб літасці для вас і вашых сем’яў, што жывуць у чарнобыльскай зоне, каб вы выраслі здаровыя. Падзякуйма італьянскім вернікам за іх любоў да вас, беларускія дзеці!» — казаў Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 26 красавіка 2006 года звяртаўся з адмысловым заклікам:

«Менавіта сёння ўспамінаецца 20-я гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У сувязі з гэтым адчуваю абавязак выказаць удзячнасць сем’ям, асацыяцыям, грамадзянскім уладам і хрысціянскім супольнасцям, якія на працягу гэтых гадоў працавалі, каб прымаць і лячыць дарослых і асабліва дзяцей, пацярпелых ад наступстваў гэтага трагічнага здарэння. Яшчэ раз узносячы малітву за ахвяр гэтай катастрофы, з такімі далёка ідучымі наступствамі, і за ўсіх, хто носіць на целе яе сляды, просім Пана аб святле для адказных за лёсы чалавецтва, каб у сумесным намаганні паклалі ўсе сілы на службу міру, павазе да патрэбаў чалавека і прыроды».

У дзень успаміну чарнобыльскай трагедыі Касцёл у Беларусі моліцца за ўсіх яе ахвяр. 26 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле пройдзе святая Імша ў гэтай інтэнцыі, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а ў магілёўскай катэдры ў інтэнцыі ахвяр катастрофы на ЧАЭС памоліцца дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.