Святы Айцец прыняў адстаўку арцыбіскупа Гаваны |
Святы Айцец |
26.04.2016 15:52 |
Новым арцыбіскупам Гаваны Пантыфік прызначыў арцыбіскупа Хуана Гарсію Радрыгеса, да гэтага часу ардынарыя архідыяцэзіі Камагуэй. Кардынал Артэга кіраваў Гаванскай архідыяцэзіяй на працягу апошніх 35 гадоў. За гэты час карыбскі востраў наведалі трое Папаў: Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Пастырскае служэнне іерарха было нялёгкім. Яшчэ будучы святаром, ён быў асуджаны на знаходжанне ў працоўным лагеры, але, нягледзячы на ціск з боку ўладаў, заўсёды заставаўся прыхільнікам дыялогу. Іерарх прыкладаў значныя намаганні для нармалізацыі адносін паміж Кубай і ЗША. Кардынал Артэга ствараў новыя парафіі, па яго ініцыятыве былі адрэстаўраваны каля 40 касцёлаў, пачало дзейнічаць мясцовае аддзяленне «Caritas». Заснаваны ім архідыяцэзіяльны інфармацыйны бюлетэнь «Aqui la Iglesia» стаў адным з першых каталіцкіх выданняў пасля ўстанаўлення камуністычнай улады на Кубе. Арцыбіскуп Хуан Гарсія Радрыгес нарадзіўся ў Камагуэй у 1948 годзе. Вучыўся ў Гаване. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 25 студзеня 1972 года. Быў пробашчам у некаторых кубінскіх парафіях. Заснаваў і затым кіраваў Школай місіянераў архідыяцэзіі Камагуэй. Біскупскае пасвячэнне атрымаў у 1997 годзе, а праз пяць гадоў стаў арцыбіскупам архідыяцэзіі Камагуэй. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |