Папа абмяркуе з прэм’ерам Польшчы сямейную палітыку |
Святы Айцец
|
06.05.2016 12:27 |
Падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у ліпені 2016 г. у Кракаве, а таксама сямейная палітыка польскага ўраду стануць тэмамі ватыканскай сустрэчы прэм’ер-міністра Беаты Шыдла і Папы Францішка.
Яна пройдзе 13 мая, у 35-ю гадавіну замаху на Яна Паўла II. Пра запланаваны візіт паведаміў прэс-сакратар ураду Польшчы Рафал Боханэк.
Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 26-31 ліпеня пад дэвізам «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). На галоўных мерапрыемствах форуму арганізатары чакаюць да 2,5 млн пілігрымаў. Для ўдзелу ў ім прыбудзе і Пантыфік. 
Беата Шыдла з’яўляецца ініцыятарам праграмы «Сям’я 500 Плюс» — адной з важнейшых для цяперашняга ўраду, накіраванай на падтрымку сем’яў у кантэксце дэмаграфiчнага крызiсу. Эксперты лічаць, што гэта першая пасля 1989 г. амбiцыёзная ўрадавая сямейная праграма. Польскiя сем’i атрымаюць агулам 17 мільярдаў злотых, або больш за 4 млрд долараў падтрымкі.
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
|