Святы Айцец: «Слёзы Езуса не могуць застацца без адказу тых, хто верыць у Яго» |
Святы Айцец |
06.05.2016 12:25 |
«У хвіліны смутку, цярпення па прычыне хваробы, у трывозе пераследу і болю жалобы кожны шукае словы суцяшэння. Мы адчуваем моцную патрэбу ў тым, каб хтосьці быў побач і паспачуваў нам. Мы адчуваем, што значыць быць дэзарыентаванымі, разгубленымі, параненымі так глыбока, як ніколі раней (...) Думкі напаўняюцца пытаннямі, але адказы не прыходзяць», — сказаў Папа.
Па словах Святога Айца, толькі розуму недастаткова, каб зразумець боль; неабходныя «аргументы сэрца» — адзіныя, якія «здольныя дапамагачы пазнаць таямніцу, што атачае нашу самотнасць». «Мы маем патрэбу ў міласэрнасці, суцяшэнні, што паходзіць ад Пана. Усе маем у гэтым патрэбу; гэта наша мізэрнасць, а ў той жа час і наша веліч: прасіць аб суцяшэнні Бога, які ў сваёй спагадзе прыходзіць, каб выцерці слёзы з нашага твару», — падкрэсліў Папа. Святы Айцец заўважыў, што чалавек у сваіх пакутах і цярпеннях не знаходзіцца ў адзіноце. Таксама і Езус ведае, што значыць плакаць па згубе любага чалавека. Хрыстус не мог стрымаць слёз, калі даведаўся пра смерць Лазара.
«Слёзы Езуса прыводзілі да разгубленасці шматлікіх тэолагаў на працягу стагоддзяў, але перш за ўсё яны абмылі мноства душаў, палегчылі боль ад мноства ранаў», — сказаў Папа і нагадаў, што і Хрыстус асабіста перажыў страх пакутаў і смерці, расчараванне і смутак з прычыны здрады Юды і Пятра, боль з прычыны смерці Лазара. «Калі Бог плакаў, таксама і я магу плакаць, ведаючы, што буду зразуметым. Слёзы Езуса – гэта супрацьяддзе ад абыякавасці да пакутаў маіх братоў. Гэтыя слёзы вучаць браць на сябе боль іншых людзей, падзяляць беды і пакуты тых, хто жыве ў найбольш балючых сітуацыях (...) Слёзы Езуса не могуць застацца без адказу тых, хто верыць у Яго. Як Ён суцяшае, так і мы пакліканы суцяшаць», — сказаў Пантыфік. Папа Францішак нагадаў, што ў моманты трывогі, хвалявання і плачу з сэрца Езуса зыходзіла малітва да Айца. Пантыфік заклікаў наследаваць гэты прыклад, адзначыўшы, што трэба звяртацца да Бога, бо Яго спагадлівы позірк дае суцяшэнне, моц Яго слова — падтрымлівае, напаўняючы надзеяй, а «сіла любові перамяняе пакуты ва ўпэўненасць у перамозе Хрыста, і нашай перамозе з Ім». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |