6 мая ў Ватыкане Папу Францішку была ўручана Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага. Цырымонія прайшла ў Каралеўскай зале Апостальскага палаца, у ёй прынялі ўдзел шматлікія еўрапейскія палітычныя дзеячы.
«Крэатыўнасць, стараннасць, здольнасць уздымацца і выходзіць за ўласныя абмежаванні ўласціва душы Еўропы», – сказаў Папа ў сваёй прамове. Пантыфік нагадаў, як пасля Другой сусветнай вайны, дзякуючы Божай ласцы, Еўропа, «пасля шматлікіх падзелаў, нарэшце знайшла саму сябе і пачала будаваць свой дом».
Святы Айцец адзначыў, што жаданне будаваць адзінства ў Еўропе сёння ўсё больш слабее, і нагадаў, што ў Еўрапейскім парламенце дазволіў сабе назваць Еўропу бабуляй, бясплоднай і ледзьве жывой, якая пакутуе ад стомленасці і старэння. Падчас таго выступлення Папа Францішак заўважыў, што вялікія ідэалы, якія натхнялі Еўропу, страцілі сваю сілу прыцягнення.
Таму, па словах Пантыфіка, у актуальным гістарычным кантэксце трэба зрабіць «перазагрузку памяці», абстрагавацца ад сучаснасці і паслухаць голасу айцоў-заснавальнікаў адзінай Еўропы, задумы якіх не зжылі сябе. Яны, адзначыў Папа, заклікаюць не задавальняцца «касметычным рэтушаваннем ці завілістымі кампрамісамі ў папраўленні шматлікіх трактатаў, але адважна закласці новы падмурак». Пантыфік заклікаў чэрпаць натхненне з мінулага, каб адказаць на сучасныя выклікі і «абнавіць» ідэю Еўропы, якая будзе ў стане даць свету новы гуманізм, заснаваны на трох здольнасцях: інтэграваць, весці дыялог і ствараць.
Здольнасць да інтэграцыі, па словах Святога Айца, звязана з дынамічнай і шматкультурнай тоеснасцю Еўропы. Яна тычыцца салідарнасці, «якая ніколі не павінна блытацца з падачкай», сказаў Пантыфік.
На думку Папы, моцная культурная інтэграцыя дапаможа перамагчы спакусу схільнасці да аднабаковых парадыгмаў і «ідэалагічнай каланізацыі». Пантыфік нагадаў словы Конрада Адэнаўэра пра тое, што будучыні Захаду пагражае не столькі палітычная напружанасць, колькі небяспека ўніфікацыі мыслення, пазбяганне адказнасці і клопат толькі пра ўласнае «я».
Гаворачы пра важнасць вядзення дыялогу, Папа заўважыў, што гэтаму трэба вучыць са школы. «Мір будзе трывалым настолькі, наколькі мы ўзброім нашых дзяцей зброяй дыялогу, навучым іх добраму змаганню за сустрэчу і размовы. Такім чынам мы зможам пакінуць ім у спадчыну культуру, здольную вызначаць стратэгіі не смерці, а жыцця, не выключэння, а інтэграцыі», – лічыць Святы Айцец.
Па словах Папы, сёння патрэбны не толькі вайсковыя ці эканамічныя кааліцыі, але і культурныя, адукацыйныя, філасофскія і рэлігійныя, «якія прадэманструюць, што за многімі канфліктамі часта стаіць улада эканамічных груп».
Пантыфік заклікаў еўрапейцаў быць не толькі гледачамі, але актыўнымі ўдзельнікамі будавання інтэграванага і мірнага грамадства. Тут важна клапаціцца пра моладзь, даючы ёй працу, магчымасці і каштоўнасці, сказаў Папа і дадаў, што гэта, у сваю чаргу, патрабуе стварэння новых эканамічных мадэляў, якія прадугледжваюць большую інклюзіўнасць і роўнасць.
Святы Айцец запэўніў у падтрымцы гэтых ініцыятыў з боку Каталіцкага Касцёла, заданне якога – абвяшчаць Евангелле, выходзячы насустрач ранам людзей, несучы моцную і звычайную прысутнасць Езуса, Яго міласэрнасць, якая суцяшае і ўмацоўвае.
Папа прызнаўся, што марыць пра новы еўрапейскі гуманізм, маладую Еўропу, здольную быць маці, якая клапоціцца пра дзяцей, дапамагае бедным і патрабуючым, цэніць хворых і пажылых, дзе быць мігрантам не азначае быць злачынцам, дзе моладзь дыхае чыстым паветрам сумленнасці, любіць прыгажосць культуры і простае жыццё, дзе заключаць сужэнства і нараджаць дзяцей – гэта адказнасць і вялікая радасць, а не праблема, дзе сем’і атуляюцца клопатам; і пра Еўропу, аб якой ніхто не скажа, што яе дзейнасць на карысць правоў чалавека была яе апошняй утопіяй.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|