Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік павіншаваў работнікаў СМІ з Сусветным днём сацыяльнай камунікацыі
Святы Айцец
08.05.2016 21:31

Папа Францішак павіншаваў работнікаў СМІ з 50-м Сусветным днём сацыяльнай камунікацыі, які адзначаецца ў Касцёле 8 мая.

Пантыфік нагадаў, што з ініцыявай абвяшчэння такога дня выступілі ўдзельнікі Другога Ватыканскага Сабору. Гэта, па словах Папы, адбылося таму, што «саборныя Айцы, разважаючы пра Касцёл у сучасным свеце, разумелі выключную важнасць камунікацыі, якая можа будаваць масты паміж людзьмі, сем’ямі, сацыяльнымі групамі і народамі. І гэта як у фізічным вымярэнні, так і ў лічбавым».

«Звяртаюся да ўсіх, хто працуе ў сродках масавай камунікацыі, з сардэчным віншаваннем, і спадзяюся, што наш спосаб камунікацыі ў Касцёле заўсёды будзе мець выразны евангельскі стыль, стыль, які спалучае ў сабе праўду і міласэрнасць», - сказаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Regina Caeli».

Тэма 50-га Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі – «Камунікацыя і міласэрнасць – плённая сустрэча». Гэтае свята – адзіны сусветны дзень, устаноўлены Другім Ватыканскім Саборам, і ён святкуецца ў многіх краінах свету ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. На гэты дзень Пантыфік заўсёды кіруе сваё пасланне.

Камунікацыі павінны будаваць масты, загойваць раны і кранаць чалавечыя сэрцы – такую думку выказаў Папа ў сваім сёлетнім пасланні. Пантыфік падкрэсліў неабходнасць ужывання адпаведных слоў, «каб выйсці з заганнага кола крытыкі і помсты, у якое працягваюць трапляць асобныя людзі і нацыі». Таксама і зносіны пры дапамозе электроннай пошты, смс, сацыяльных сетак павінны быць шчырымі, і гэта вызначаюць не тэхналогіі, а сэрца чалавека, падкрэсліў Пантыфік у сваім пасланні. Камунікацыі ў сваім развіцці, заключыў Святы Айцец, з’яўляюцца Божым дарам, аднак патрабуюць ад чалавецтва вялікай адказнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.