Папа Францішак: Ёсць патрэба ў моцнай ін’екцыі сямейнага духу |
Святы Айцец
|
09.05.2016 18:16 |
Неабходна абнавіць намаганні на карысць сапраўдных чалавечых, маральных і духоўных каштоўнасцяў дзеля абароны асобных людзей і сем’яў, сказана ў пасланні Пантыфіка да ўдзельнікаў «Маршу ў абарону жыцця», які пройдзе 14 мая ў розных гарадах Партугаліі.
Зварот Святога Айца быў скіраваны за подпісам субстытута Дзяржсакратарыята арцыбіскупа Анджэло Бэчу.
Папа лічыць важным падштурхоўваць партугальскія сем’і і ўсё грамадства імкнуцца да супольнага дабра, укаранёнага на гармоніі, справядлівасці і павазе да правоў кожнага чалавека, ад яго зачацця да натуральнай смерці.
Пантыфік нагадаў сваю думку з Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia» пра тое, што ўважлівы позірк на будзённае жыццё сучасных людзей дае магчымасць убачыць «неадкладную патрэбу ў моцнай ін’екцыі сямейнага духу». «Не толькі арганізацыя супольнага жыцця пагружаецца ва ўсё большую бюракратыю, ва ўсім чужую фундаментальным чалавечым сувязям, але нават і сацыяльныя і палітычныя парадкі часта дэманструюць сляды дэградацыі», - напісаў Папа.
Партугальскі «Марш у абарону жыцця» пройдзе ўжо ў шосты раз. Сёлета ён мае асаблівую актуальнасць у сувязі з дыскусіяй аб легалізацыі эўтаназіі, якая вядзецца ў краіне.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|