Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік ухваліў публікацыю дэкрэтаў
Святы Айцец
10.05.2016 16:43

Папа Францішак 9 мая прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амата і ўпаўнаважыў дыкастэрыю да публікацыі трох дэкрэтаў.

Два з іх тычацца прызнання цуду для кананізацыі. Першы — праз заступніцтва бл. Людавіка Павоні, заснавальніка Кангрэгацыі Сыноў Марыі Беззаганна Зачатай. Ён жыў на мяжы ХVIII-XIX стагоддзяў і быў вялікім італьянскім патрыётам. Заснаваныя ім навуковыя ўстановы сталі прататыпамі для сучасных прафесійных вучэльняў.

Благаслаўлёны Павоні быў дбайным прапаведнікам, які паставіў на службу Божаму Слову дасягненні ў галіне друку і выдавецкай дзейнасці. Быў прадвеснікам сацыяльнага вучэння Касцёла, на паўстагоддзя апярэдзіўшы энцыкліку Льва ХІІІ «Rerum novarum», баронячы права людзей на годную працу, заробак, які дае магчымасць утрымліваць сям’ю, адпачынак па хваробе і іншыя сацыяльныя гарантыі. Ён гераічна памёр, ратуючы сваіх вучняў падчас аўстрыйскай вайсковай інтэрвенцыі на поўнач Італіі ў 1849 годзе.

Іншы дэкрэт тычыцца прызнання цуду праз заступніцтва бл. Саламона Леклерка з Кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ — мучаніка антыкаталіцкага пераследу эпохі Французскай рэвалюцыі. Благаслаўлёны Леклерк быў арыштаваны ў 1792 годзе за адмову ад складання спецыяльнай прысягі «Свецкай канстытуцыі духавенства» і асуджаны на смерць.

Яшчэ адзін дэкрэт, ухвалены Пантыфікам, датычыць прызнання гераічнасці цнотаў Слугі Божага кс. Рафаэля Эмануэля Альманса Рыяна з Ордэна меншых братоў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.