Папа: сучасныя місіянеры — героі евангелізацыі |
Святы Айцец |
10.05.2016 16:55 |
Паслухмянасць Святому Духу падштурхоўвае «спаліць» жыццё дзеля
абвяшчэння Евангелля, нават у самых далёкіх месцах, сказаў Папа
Францішак 10 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі
Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне пра развітанне апостала
Паўла з хрысціянскай супольнасцю Мілета (Дз 20, 17-27). Cвяты казаў: «І вось цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне, апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск». Гэтыя словы «нагавадваюць пра жыццё нашых місіянераў», заўважыў Папа Францішак: прымушаныя Святым Духам, яны таксама адпраўляюцца ў далёкія краіны, ахвяруючы сваім жыццём. На могілках у місійных краінах нярэдка можна ўбачыць магілы зусім маладых місіянераў, якія літаральна «спальвалі» сваё жыццё, распавёў Папа. «Я думаю, што яны, у той момант, будучы далёка ад сваёй радзімы, сваёй сям’і, сваіх блізкіх, казалі: “Тое, што я зрабіў – было варта гэтага!”» — дадаў Святы Айцец. Па словах Папы Францішка, місіянеры выпраўляюцца несці Евангелле, не ведаючы, што іх чакае: яны ведаюць, што жыццё не будзе лёгкім, але ўсё роўна едуць туды. Пантыфік назваў сучасных місіянераў «героямі евангелізацыі». «Я думаю, было б справядліва падзякаваць Пану за іх сведчанне. Я думаю, што мы рады мець такіх місіянераў, якія з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі», — сказаў Святы Айцец і дадаў, што сярод іх ёсць мноства мучанікаў. Усе яны, па словах Папы, з’яўляюцца славай Касцёла. Напрыканцы гаміліі Папа заўважыў, што характэрная рыса місіянера — паслухмянасць Святому Духу. Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат, якіх не задавальняе культура спажывецтва і самалюбавання, паглядзець на іншы далягляд — туды, дзе працуюць місіянеры, — і прасіць аб ласцы Святога Духа, каб «спаліць» сваё жыццё ў служэнні і абвяшчэнні Евангелля. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |